Additional Info На працягу ўсяго жыцця лёсы Амеліі і Эмы, старэйшых дачок Міхала Клеафаса Агінскага, цесна перапляталіся. Ім абедзьвюм было суджана пражываць са сваімі сем’ямі ў сферы аўстрыйскага захопу, не вельмі далёка адна ад адной і ад Кракава. Пажаніўшы пазней паміж сабой сваіх старэйшых дзяцей, як ужо ўпаміналася – сына Амеліі Міхала Залускага і дачку Эмы Гэлену Бжастоўскую — сёстры сталі часцей бачыцца і падтрымліваць адна адну. Але перад гэтым Эма таксама прайшла праз жыццёвыя выпрабаванні. Аб гэтым – кніга сучаснага нашчадка Эмы – Іераніма Высоцкага пад назвай “Расказалі старыя лісты”. Яна выйшла ў 1986 годзе ў Кракаве і прадстаўляе нам панараму сямейнага жыцця другой дачкі Міхала Клеафаса – Эмы (1809–1871). Гэтая панарама ўзнікае на падставе аналізу больш тысячы лістоў з сямейнага архіву Іераніма Высоцкага. Пераважную частку выкарыстаных ім крыніц склалі лісты на французскай мове, яны ахопліваюць перыяд з 1827 па 1874 гады. Іеранім Высоцкі «Расказалі старыя лісты» пра дачку Міхала Клеафаса — Эму: “Эма з Агінскіх Высоцкая, у першым шлюбе – Бжастоўская, была дачкой князя Міхала Клеафаса і Марыі з дому Неры, італьянкі. Эма выхоўвалася ў рэзідэнцыі сваіх бацькоў – Залессі на Літве, разам з дзвюма сёстрамі і братам. Залессе, якое ляжала на паштовым тракце паміж Вільняй і Мінскам, на рацэ Віліі, мела вельмі прыгожы парк і ўяўляла сабой улюбёнае месца побыту бацькі Эмы. Усё ж Міхал Клеафас па прычыне сваіх шматлікіх грамадзкіх заняткаў вёў рухавы вобраз жыцця. Яго жонка таксама не старанілася падарожжаў, нават далёкіх. Яна ахвотна наведвала свой родны край. Эма, народжаная ў 1809 годзе, правяла, такім чынам, частку дзяцінства ў Італіі, пэўны час прабывала з маці, сёстрамі і братам у Парыжы. Яна вырасла асобай свецкай: цудоўна выхаванай, з прыгожай французскай мовай, з беглым валоданнем англійскай і італьянскай мовамі і іншымі якасцямі, якія патрабаваліся ад паненак яе кола. Калі яна стала паўналетняй, яе бацька ўжо некалькі гадоў як жыў у Фларэнцыі. Ён асеў на пастаяннае жыхарства ў гэтым горадзе пасля адыходу ад дзяржаўнай службы. Маці Эмы засталася ў Залессі. Сямейнае жыццё Міхала Клеафаса не належала да ўдалых, і гэтым тлумачыцца той стан асобнага ад жонкі жыцця, які ўжо не павінен быў змяніцца”. Менавіта з Фларэнцыі нечакана прыйшоў Эме сардэчны ліст, які паклаў пачатак перапісцы бацькі з дачкой на некалькі гадоў. “Фларэнцыя, 16.03.1827. Мая каханая Эма! Гэта першы ліст, які Ты атрымаеш ад Твайго бацькі з таго часу, як Ты ёсць на свеце. У сувязі з гэтым з’яўляецца слушным, каб для ўзнагароджання Твайго такога доўгага чакання ліст гэты, хоць і кароткі, быў мілы і зрабіў табе прыемнасць. Такім чынам, я скажу табе, маё дарагое дзіця, што я заўсёды любіў Цябе, гэтак жа як Твайго брата і Тваіх сясцёр, што я ніколі не прамінуў абняць і блаславіць Цябе ў лістах, адрасаваных Маме, што я не адказваў на лісты, якія ты мне пасылала, бо перасылаў адказы самай старэйшай з сясцёр… Згодна з гэтым прынцыпам я адрасую некалькі гэтых радкоў непасрэдна Табе, якая займае па прычыне ад’езду Амеліі і Ірэнэуша месца самай старэйшай у сям’і побач з Мамай. І, напэўна, прыемнасць, якую Ты адчуеш, чытаючы мой ліст, не будзе большай за тую, якую я адчуваю ў момант, калі пішу гэтыя словы. Усё, што Мама паведамляе мне наконт Цябе, сведчыць пра тое, што яе намаганні добра выхаваць Цябе далі самыя найлепшыя вынікі. Старайся і ў далейшым заслугоўваць гэтую ацэнку, такую пахвальную для Цябе. Любі яе, давай ёй доказы Тваёй удзячнасці, старайся парадаваць яе ў час перажыванняў, прынось ёй повады толькі для радасці, і тады я не перастану Цябе абдымаць і бласлаўляць заўсёды ад усяго сэрца. М.А. Сардэчна абдымі ад мяне Іду.”* / арыгінал ліста на французскай мове/ Праз некалькі месяцаў граф Ксаверы Бжастоўскі, стараста Даўгоўскі і Мсцібаўскі, напісаў у далёкую Фларэнцыю ліст, просячы ў Міхала Клеафаса рукі яго дачкі Эмы для свайго сына Іпаліта. Атрыманы адказ павінен быў задаволіць абодвух паноў Бжастоўскіх. У ім М.К.Агінскі даваў дазвол на саюз Эмы з Іпалітам і бласлаўляў будучую сямейную пару. Шлюб Іпаліта Бжастоўскага з Эмай Агінскай адбыўся 2 верасня 1827 года ў Вільні ў касцёле Паненак Кармелітак. Пасля шлюбу маладыя пасяліліся далёка ад Літвы – у зямлі Вялюньскай, недалёка ад Лодзі, у Чарнажылах – родавым маёнтку Бжастоўскіх. Некалькімі месяцамі пазней Эме прыйшоў ліст ад яе бацькі, поўны цеплыні і добрых жыццёвых парад. Ён радаваўся атрыманым ад дачкі звесткам аб яе шлюбе, аб тым, што яна задаволена. Наступныя лісты з Фларэнцыі павінны былі напоўніць Эму смуткам. Бацька выказваў у іх усё больш моцную тугу па сваіх блізкіх і ўзрастаючае пачуццё аддаленасці. Іншы ліст, поўны апасенняў з прычыны пагаршэння зроку, бацька Эмы таксама заканчвае словамі тугі: “… Я ніколі не быў такі адзінокі і пакінуты, як гэтай зімой. Аддалены ад усіх сваіх захапленняў, якія мяне яшчэ звязваюць з жыццём, я вяду нікчэмнае існаванне і марнею, не маючы нават той радасці, якой была праца над маімі мемуарамі, бо яны ўжо скончаны. Абедаў, шматлікіх вечароў ці балёў мне ў Фларэнцыі хапае, але ці можа чалавек, аддалены ад сваёй краіны і сваёй сям’і, а акрамя таго прыгнечаны сваёй старасцю і недамаганнем, ці такі чалавек можа ўдзельнічаць ва ўсіх гэтых забавах, не маючы ні спакойных думак, ні радасці ў сэрцы…” (арыгінал – на французскай мове) Прайшло некалькі гадоў. 68-гадовы Міхал Клеафас працягваў адзінока жыць у Фларэнцыі. З вялікай радасцю ён успрыняў вестку аб будучым прыездзе Эмы. У сувязі з такой доўгай разлукай яе побыт у Фларэнцыі павінен быў стаць не столькі адведзінамі, колькі повадам да знаёмства бацькі з дачкой і для знаходжання імі адно аднаго. У каляндарыку Эмы пад датай 4 студзеня 1833 года знаходзіцца кароткі запіс: “Сёння я шпацыравала з бацькам першы раз”. А пад іншай датай: “Папа першы раз абедаў у нас”. Кантакты былі частыя. Бацька і дачка абменьваліся кароткімі лістамі: “Ці хацела б ты прыйсці да мяне на вячэру з Іпалітам, адкажы мне: так ці не.”, або: “Вечар 17 студзеня 1833 г. У маім распараджэнні дзве вельмі добрыя ложы… Прыеду да цябе каля паловы другой. Не трэба адкладаць візіты, якія ты хочаш зрабіць. Абдымаю цябе, каханая Эма, як і Іпаліта, жадаючы вам добрай ночы”.
Муж і жонка Бжастоўскія вядуць у Фларэнцыі ажыўленае таварыскае жыццё. Яны бываюць у польскіх і італьянскіх дамах, наведваюць помнікі даўніны, музеі, мастацкія галерэі. У каляндарыку Эмы знаходзяць адбітак усе найважнейшыя падзеі, часам з кароткімі каментарыямі. Эма чакае першае дзіця. Нягледзячы на гэта, яна з мужам накіроўваецца ў доўгае падарожжа па Італіі пасля двухмесячнага побыту ў Фларэнцыі. Міхал Клеафас Агінскі ў гэты час піша да сваёй дачкі. Ён жыва цікавіцца ўсім, што датычыць яе, пытае, як яны з мужам праводзяць час, каго бачаць, як жывуць, нават што ядуць. Аднак праблемы са зрокам усё больш абцяжарваюць яму перапіску. Некаторыя лісты ён вымушаны дыктаваць. Яны заўсёды поўныя сардэчнасці і клапатлівасці: “Фларэнцыя, 16.07.1833. …Я працягваю той самы стыль жыцця ў вёсцы, робячы экскурсіі ў горад тры разы на тыдзень, гэта значыць у дні, калі прыходзіць пошта і калі прыходзяць газеты, бо гэта яшчэ застаецца маім адзіным задавальненнем. Я вельмі сумую з той пары, як ты выехала. Час мне доўжыцца, і я з нецярплівасцю буду чакаць моманту вашага вяртання ў Фларэнцыю. Вочы вельмі мне дакучаюць, а пасля таго, як я ў нядзелю пабываў у тэатры, дзе карыстаўся ларнеткай, не магу ўзяць у рукі кнігу. Адзью, мая каханая Эма. Абдымаю цябе і бласлаўляю ад усяго сэрца, як і Іпаліта”. У апошнія тыдні цяжарнасці Эма з мужам зноў прабывае ў Фларэнцыі. 13 верасня 1833 года прыходзіць на свет дачка. Увага ўсіх канцэнтруецца цяпер вакол дзіцяці. Малая панна Бжастоўская, ахрышчаная імем Гэлена, у сваёй сям’і будзе нязменна вядомая як Лена і пазнейшая жонка Міхала Залускага, сына Амеліі. Міхалу Клеафасу Агінскаму не было дадзена доўга цешыцца ўнучкай. Стан яго здароўя ўсё горшы. Праз месяц, 15 кастрычніка, ён памірае. Застаецца пахаваны ў Фларэнцыі, у базіліцы Санта Крочэ (Святога Крыжа), у пахавальнай нішы з помнікам, пастаўленым стараннямі Эмы і Іпаліта Бжастоўскіх. Позняй восенню Бжастоўскія з дзіцем вяртаюцца на радзіму. Пасля доўгага падарожжа яны дабіраюцца да свайго дому ў Чарнажылах. Жыццё пераходзіць у наежджаныя каляіны. Іпаліт Бжастоўскі займаецца гаспадаркай, яго жонка – домам і дзецьмі – апрача маленькай Лены яна выхоўвае таксама 7‑гадовую англічанку Ізабелу Халь родам з Ліверпуля ( яе звалі Эліза). Толькі праз пяць гадоў пасля нараджэння дачкі прыйдзе на свет сын Адам, які будзе зрэнкай у воку ўсяго дому. У гэтым самым годзе яшчэ адна радасць сустракае Эму. Прыяжджае ў Чарнажылы на 10 дзён яе маці, якую яна даўно не бачыла. У каляндарыку Эмы з’яўляюцца ў гэты час два кароткія, але выразныя запісы: “25.V. Праседзела ўсю ноч з пятніцы на суботу, чакаючы маму. Муж паехаў яе сустракаць”. “26.V. Прыезд маёй каханай маці. Як жа я чакала гэтай шчаслівай хвіліны!” (арыгінал на англійскай мове) Пройдзе некалькі гадоў. Гадоў, якія не пакінуць пасля сябе ні лістоў, ні нататкаў. Чарговы пасля гэтага перапынку след вядзе ў Галіцыю. (Галіцыяй у той час называліся заходнія землі сучаснай Украіны і паўднёвай Польшчы, якія знаходзіліся пад уладай Аўстрыйскай імперыі). Эма Бжастоўская, пакінуўшы Чарнажылы, перасялілася з дзецьмі і выхаванкай Элізай у Кракаў. Яна зняла кватэру ў доме Вадзіцкіх на вуліцы св. Яна. Вясной 1843 года шлюб Эмы з Іпалітам Бжастоўскім на моцы прыгавору Духоўнага Суда Варшаўскай дыяцэзіі прызнаецца несапраўдным. Годам раней Бжастоўскія падпісалі ў натарыуса дамоўленасць, у якой агаворваліся ўмовы іх разводу. Згодна з ёй дзеці павінны былі застацца з маці да часу сваёй паўнагадовасці (пазней сын Адам пераехаў на жыхарства да дзядулі Бжастоўскага і памёр у маладым узросце, пражыўшы ўсяго 31 год (1838–1869)...» Партрэт Эмы Агінскай, аўтар невядомы. З кнігі Іераніма Высоцкага «Расказалі старыя лісты» |