Орігінал: Geheimes Staatsarchiv Preußischer Kulturbesitz. Сигнатура XX. HA, OF, Nr. 1b, л. 22b – 24b
Публікація: Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. Leipzig, 1863. S. 711 – 714; Ліцкевіч А.У. «Мемарыял Вітаўта» – першая хроніка Вялікага княства Літоўскага // Беларуская думка. 2009. № 2. С. 92–96. Уступ, пераклад і каментарый – Алег Ліцкевіч
[1389 кінець – 1390 половина перша]. – Гэта справа Вітаўта [Witoldes] супраць Ягайлы [Jagaln]1 і Скіргайлы [Skargaln]2
Пераклад і каментарый – Алег Ліцкевіч
Перад сваёй смерцю бацька нашага бацькі, наш дзед3, раздаў сваю дзяржаву ў кіраванне: вялікае княжэнне ў Вільні [Wille] Яўнуту [Jawnuten]4, а бацьку Ягайлы Альгерду [Algarden]5 – княжэнне ў Віцебску [Witawis], а майму бацьку князю Кейстуту [Kinstutte]6 – у Троках [Traken].
І паколькі наш дзядзька князь Альгерд і князь Кейстут з юнацтва пачалі жыць па-сяброўску, то зведалі яны ад князя Яўнута некаторыя несправядлівасці. І яны згаварыліся заадно, князь Альгерд з маім бацькам князем Кейстутам, што яны нейкім чынам жадалі б завалодаць Вільняй і Яўнута выгнаць. І прызначылі дзень, у які яны павінны быць перад Вільняй. І наш бацька Кейстут прыйшоў у той дзень да Віленскага замка, а князь Альгерд не змог прыйсці.
І наш бацька князь Кейстут завалодаў Вільняй і выгнаў Яўнута адтуль. І ўвесь народ падтрымаў яго, і ўсе іншыя замкі перадаліся яму.
Потым прыйшоў князь Альгерд пад Вільню да нашага бацькі, і наш бацька, падпарадкоўваючыся закону ўзросту7, бо ён (Альгерд) быў яго старэйшым братам, даў яму завалодаць Вільняй і іншымі землямі і гарадамі8. Гэта ўсё яны падзялілі на дзве часткі і абяцалі адзін аднаму: хто пажадаў бы ў іншых землях штонебудзь здабыць, тое павінен быў падзяліць на дзве часткі. Так, у Рускай [Russchen] зямлі многа замкаў было здабыта і тэрыторый – гэта ўсё яны падзялілі напалам і ставіліся адзін да аднаго з вялікім даверам.
І потым наш дзядзька князь Альгерд памёр, а князь Ягайла быў юны, таму наш бацька князь Кейстут – пры гэтым быў ён магутны; калі б ён пажадаў, тады б узяў Вільню і князю Ягайлу даў бы любое (іншае) княства, дзе б толькі пажадаў, бо гэты князь Ягайла быў зусім юны пасля свайго бацькі, – наш бацька таго ніякім чынам рабіць не хацеў, каб забраць у яго Вільню, (паважаючы) волю свайго старэйшага брата. І ён пасадзіў князя Ягайлу ў Віленскі замак і аберагаў яго з усіх бакоў, пакуль ён не вырас і пакуль людзі да яго не прывыклі.
І потым наш бацька даведаўся ад некаторых сваіх сяброў, што князь Ягайла без ведама нашага бацькі і таемна ад нашага бацькі заключыў мір з Прускай [Prussen] зямлёй і з Лівонскай [Ifland] зямлёй9. І нашага бацьку ён выдаў, бо абавязаўся (даць) войскі і абяцаў, што ён нашаму бацьку не будзе дапамагаць. І хваліўся ўвесь час, як ён майго бацьку і мяне самога зловіць і як ён майго бацьку і мяне заб’е і нашу зямлю сабе забярэ.
І мой бацька пра гэта з пэўнасцю даведаўся і ўбачыў для сябе пагрозу, і прыйшоў да Вільні і завалодаў Вільняй, і пасадзіў самога князя Ягайлу ў турму, і ягоных братоў, і ягоную маці. І ўсе ягоныя вобласці і ягоныя замкі ўзяў ён таксама ў свае рукі, і ягонае золата, і ягоны скарб, і ягоных коней – усё ён узяў.
Наш бацька, аднак, не жадаў для сябе ніякай выгады10 і не жадаў нікога са свайго роду выганяць, і даў.яму ўвесь удзел ягонага бацькі – Віцебск [Witebiske] і іншыя тэрыторыі, што належалі ягонаму бацьку, і золата, і скарб, і коней. І князь Ягайла абяцаў нашаму бацьку са сваёй маці і са сваімі братамі, і даў яму прысягу і сваімі лістамі вызначыў, што ён ніколі не хацеў бы патрабаваць Вільню і што ён павінен быць паслухмяным нашаму бацьку ў Віцебскім [Witebis] удзеле свайго бацькі.
І пераступіў ён цераз праўду і адабраў Вільню ў нашага бацькі. І ў той час быў наш бацька ў адным ваенным паходзе. І прыйшоў наш бацька з паходу, а князь Ягайла без ягонага ведама таксама заняў Трокі. І наш бацька князь Кейстут паехаў у Жамойць [Samaiten] і хацеў атрымаць сабе дапамогу.
І прыйшоў наш бацька з жамойтамі пад Трокі, і я сам быў там з маім бацькам, з князем Кейстутам. І князь Ягайла дагнаў нас са сваім войскам, і паны з Лівоніі разам з ім. І мы стаялі з нашым бацькам на адным узгорку, а князь Ягайла на іншым узгорку насупраць нас. Тады паслаў да майго бацькі і да мяне князь Ягайла свайго брата князя Скіргайлу [Skirgal]. І пачаў клікаць нашага бацьку па імені, каб нам адзін з адным перагаварыць па-добраму.
І сваю прысягу даў князь Скіргайла майму бацьку ад віна (?) князя Ягайлы11 і даў яму сваю руку. І ад свайго віна даў ён таксама сваю прысягу і сваю руку. І мне самому даў ён таксама сваю прысягу і сваю руку. І мне самому даў ён таксама сваю прысягу ад князя Ягайлы і ад яго самога сваю руку.
І наш бацька паверыў яму, і я (таксама). І паехалі на сустрэчу з князем Ягайлам пад іх прысягай і пад іх рукой. І пад прысягай узялі яны майго бацьку і забілі яго, і маю маці таксама забілі12. І мяне самога ўзялі яны ў турму. Там выратаваў мяне Бог, і я ўцёк з яе (з турмы). І прыбег да высакародных людзей, да вялікага магістра Прусіі, і прыняў сабе святую веру хрысціянства і паслушэнства святому айцу папе13.
І я пакінуў там у яго (у Ягайлы) майго брата, і маю сястру, і маю жонку, і маіх дзяцей, якіх пакінуў я ўсіх у іх турме.
І пачаў князь Ягайла часта слаць да нас сваіх баяр [baiorn] і свае лісты, запрашаючы мяне (заняць) усю маю бацькаўскую спадчыну14 і даючы мне сваю прысягу. І я паверыў ягонай прысязе і паверыў яму і зноў паехаў да яго. Апроч таго, і адзін наш няверны дарадчык нас туды прыцягнуў.
І князь Ягайла сваю прысягу не выканаў і адступіў ад сваёй праўды, і маю бацькаўскую спадчыну ён мне не даў. І маю бацькаўскую спадчыну даў ён свайму брату князю Скіргайлу. А Скіргайла той не нашай хрысціянскай веры – ён рускай веры, як і да сённяшняга дня яшчэ прытрымліваўся.
А мне самому загадалі, што я павінен прыняць рускую веру, каб я пакутаваў ад усіх людзей15. І я не па сваёй волі, а каб выканаць іх волю, казаў: «Я прыняў сабе рускую веру і абвясціў людзям аб гэтым». Але ўсё роўна я тайна прытрымліваўся маёй веры, паколькі я сабе прыняў хрысціянскую веру. І калі князь Ягайла заняў Кракаў [Cracaw] і каралеўства Кракаўскае яго прыняла16, тады абвясціў я пра маю веру, так што ўжо да сённяшняга дня прытрымліваюся хрысціянскай веры. І яны тады жадалі не даць мне (прыняць) іншую веру. Гэта была мне ад іх вялікая несправядлівасць, што яны супраць маёй волі хацелі, каб я сабе прыняў рускую веру.
Мінуў ужо адзін год з таго часу, калі князь (Ягайла) у Люблінскім [Lublin] замку запісаў князю Скіргайлу сваім прывілеем усю маю бацькаўскую спадчыну – на маіх вачах, каб (прычыніць) мне вялікую пакуту17. Я часта скардзіўся з гэтай нагоды князю Ягайлу, але добра бачыў, што я наконт гэтага нічога не мог зрабіць і ніяк не мог гэты прывілей скасаваць.
І я прасіў у князя Ягайлы таксама ліст і прывілей на зямлю, якую ён мне даў, на тую Рускую зямлю, якая належала Любарту [Luwburten]18, каб я мог яе трымаць. І паслаў да яго пана Яську [Jesken] з Тарнова [Tarnaw], старасту Русі [Russen], і ваяводу [woywoden] Кракава пана Спытка [Spitken], і старасту Кракава19. І князь Ягайла не даў мне ліст і прывілей на гэту зямлю і казаў усім людзям: «Я даў князю Вітаўту [Witawthen] гэту зямлю да маёй волі. Калі захачу, тады адбяру ў яго гэту зямлю».
І больш таго – схапілі яны маіх баяр супраць маёй волі і катавалі іх вадой, і закавалі іх у жалеза, і кінулі іх у цямніцу [temenitczen] – і гэта ўсё насуперак маёй волі. І князь Скіргайла часта на мяне нагаворваў перад князем Ягайлам і лісты (пачаў) слаць. Не па маёй волі ён лісты рассылаў, не па маёй волі я слухаў тое, што ён сам мне раіў, і не па маёй віне гэта адбывалася. Але хваліўся ён, як бы мяне забіць, бо ён добра ведаў, што я па-ранейшаму хацеў бы атрымаць маю бацькаўскую спадчыну. І вельмі баяўся ён, што мне прычыняла боль тое, што ён утрымліваў у сябе маю бацькаўскую спадчыну. І таму шкодзіў ён мне перад князем Ягайлам у маёй жа прысутнасці. І князь Ягайла прасіў20 ніколі яго гэтым не папракаць і прасіў ніколі яго не абвінавачваць з гэтай прычыны. І да сённяшняга дня жыве ў князя Ягайлы яго слуга, якога завуць Варш [Warssch]. Скіргайла прыслаў да мяне гэтага Варша і адмовіўся перада мной, і казаў мне: «Беражыся ты мяне, а я цябе»21.
У той час не было ў мяне столькі свабоды, каб я мог адпраўляць ганцоў, куды хацеў, альбо лісты ў Прусію, на Русь. І быў я ў іх як нейкі нявольнік. Я не меў у іх свабоды ні ў якіх справах. Была ў мяне дзяўчынка, мая дочанька, і нават яе не быў я вольны аддаць (замуж) за таго, за каго я хацеў. І вельмі прасіў яе ў мяне адзін чалавек, а яны забаранілі мне і загадалі мне, што я не павінен аддаваць яе прэч22. І яны баяліся, што ў мяне з‑за яе маглі б з’явіцца сябры.
І колькі было ў мяне сяброў – ва ўсіх адабраў князь Ягайла іх бацькаўскую спадчыну. У майго брата князя Таўцівіла [Tewtewiln]23 адабраў ён назад усё, што яму даў. І ў брата маёй жонкі24 адабраў ён усю яго бацькаўскую спадчыну. І ў таго (чалавека), які (жанаты) на сястры маёй жонкі, у Івана, сына Альгімонта [Iwan Augemunden son]25, забраў ён (Ягайла) таксама ўсю яго бацькаўскую спадчыну. А яму ж даў князь Ягайла сваю руку перада мной, што ён яго бацькаўскую спадчыну ў яго ніколі не будзе забіраць. І князь Іван даў яму за гэта залаты пояс праз мае рукі.
1 Ягайла Альгердавіч (1352?–1434), сын вялікага князя літоўскага Альгерда і цвярской княжны Ульяны Аляксандраўны, вялікі князь літоўскі (з 1377), кароль Польшчы (з 1386), да самай смерці захоўваў тытул вярхоўнага князя Літвы.
2 Скіргайла Альгердавіч (каля 1354–1394?), малодшы брат Ягайлы, князь Трокаў і Полацка (з 1382?), намеснік польскага караля ў ВКЛ (1386–1392).
3 Маецца на ўвазе вялікі князь літоўскі Гедымін.
4 Яўнут Гедымінавіч (каля 1308 – пасля 1366), вялікі князь літоўскі ў 1341–1345 гадах.
5 Альгерд Гедымінавіч (каля 1296 – 1377), князь Віцебска і Крэва, вялікі князь літоўскі ў 1345– 1377 гадах.
6 Кейстут Гедымінавіч (1297–1382),
суправіцель Альгерда, князь Трокаў, Бярэсця, Гародні і Падляшша, вялікі князь літоўскі ў 1381–1382 гадах.
7 Durch des alders wille – літаральна «праз волю ўзросту».
8 Borge – літаральна «бургі», невялікія мястэчкі.
9 Дагавор з Лівонскім ордэнам быў заключаны 27 лютага 1380 года, з Тэўтонскім ордэнам – 31 мая таго ж года.
10 Boze – у слоўніку В. Мюлера і Ф. Царнке зафіксавана «bazze» (выгада, здабытак).
11 Von herczog Jagals wein… und von sinent wein – магчыма, маецца на ўвазе язычніцкі абрад прыняцця прысягі, звязаны з ужываннем віна. У індаеўрапейскіх народаў віно з самых старажытных часоў мела рытуальна-культавае значэнне [Гамкрелидзе, Т.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. Реконструкция и историкотипологический анализ праязыка и протокультуры / Т.В. Гамкрелидзе, Вяч. Вс. Иванов. – Тбилиси, 1984. – Т. 2., с. 652].
12 Vorterbten – як пераканаўча даказаў А. Барбашоў, у дадзеным выпадку гэты дзеяслоў значыць не «згубіць», а «забіць». Па загаду Ягайлы альбо Скіргайлы Кейстут быў задушаны, а яго жонка Бірута, маці Вітаўта, утоплена [Барбашев, А. Витовт и его политика до Грюнвальденской битвы (1410 г.) / А. Барбашев. – СПб., 1885, с. 23–24].
13 Каталіцкае хрышчэнне Вітаўт упершыню прыняў пад імем Віганд у кастрычніку 1383 года, падчас сваіх першых уцёкаў у Прусію. Прыкладна ў 1384 годзе, пасля вяртання на
радзіму, ён прыняў праваслаўе пад імем Аляксандр. Але ў лютым 1386 года ў Кракаве ён зноў перахрысціўся ў каталіцтва, таксама пад імем Аляксандр [Барбашев, А. Витовт и его политика до Грюнвальденской битвы (1410 г.) / А. Барбашев. – СПб., 1885, с. 135–137].
14 Fetirlich erbe – бацькаўская спадчына альбо вотчына; маецца на ўвазе Трокская зямля.
15 Das ich allen luten mich derleite – магчымы іншы варыянт перакладу: «каб усе людзі мяне ненавідзелі».
16 Ягайла быў каранаваны ў Кракаве 4 сакавіка 1386 года.
17 Прывілей для Скіргайлы на Трокскую і Полацкую землі быў выдадзены яшчэ 28 красавіка 1387 года, прычым не ў Любліне, але, магчыма, ён быў яшчэ раз пацверджаны праз два гады ў Люблінскім замку.
18 Любарт Гедымінавіч (1320?–1383), князь Луцка і Уладзіміра-Валынскага.
19 Гаворка ідзе пра ўплывовых польскіх саноўнікаў таго часу: Яську з Тарнова (1349– 1409), сандамірскага ваяводу, старасту Галіцкай Русі, якая належала Польшчы; Спытку з Мельштына (1322–1399), кракаўскага ваяводу; Сандзівоя з Шубіна (? – каля 1405), калішскага ваяводу, старасту Кракава.
20 Bat – магчымы варыянт перакладу: «прапанаваў».
21 29 мая 1389 года Ягайла, каб прадухіліць выбух грамадзянскай вайны ў ВКЛ, вымусіў Вітаўта падпісаць дакумент, згодна з якім апошні абавязваўся захоўваць «любоў і братэрскую згоду» са сваім ворагам князем Скіргайлам [Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. – T. 6. Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. 1376–1430 / Collectus opera A. Prochaska. – Kraków, 1882., с. 18]. У «Мемарыяле» Вітаўт падкрэслівае, што Скіргайла першы парушыў гэтае пагадненне.
22 Weg – маецца на ўвазе «за межы дзяржавы». За Соф’ю Вітаўтаўну сватаўся сын вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Данскога Васіль Дзмітрыевіч, шлюб паміж імі ў рэшце рэшт адбыўся ў 1391 годзе.
23 Таўцівіл Кейстутавіч (1355?–1390), родны брат Вітаўта, валодаў часткай Навагрудскага княства.
24 Магчыма, маецца на ўвазе Леў, князь Друцка.
25 Іван Альгімонтавіч (да 1379 – пасля 1401), князь Гальшан, бліжэйшы праваслаўны паплечнік Вітаўта.
Інформації про печатки немає
Релятівні категорії документів
- Гедиміновичі (4)
- Гольшанські (10)
- Євнутовичі (3)
- Любартовичі (5)
- Ольгердовичі (26)
- Ягелони (2)