//Беларускі гістарычны агляд. Том 9, Сшыткі 1–2 (16–17).–(Снежань 2002)
Апошнім часам на Беларусі сталі актыўна святкавацца юбілеі населеных пунктаў: гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Адным са станоўчых бакоў гэтых мерапрыемстваў з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці і даследчыкаў да іх гістарычнага мінулага, актывізацыя яго вывучэння. Яскравы таму прыклад — нядаўна адзначаны 1000–гадовы юбілей Друцка. Ініцыятарам і энтузіястам яго правядзення ўдалося ў поўнай меры скарыстаць нагоду і дамагчыся інтэнсіфікацыі вывучэння гісторыі Друцка. Арганізаваны выхад у свет дзвюх выкананых на добрым навуковым і паліграфічным узроўні кніг[1]. Праведзена навукова–практычная канферэнцыя, матэрыялы якой таксама апублікаваныя[2]. І гэты артыкул у пэўнай ступені можна разглядаць як вынік павышэння цікавасці да мінулага Друцка ў апошнія гады. Аўтар спадзяецца, што дыскусія па закранутай у ім і больш шырокай — генеалагічнай — праблематыцы будзе працягнута.
Крыніцы пакінулі нам даволі багатую інфармацыю па грамадска–палітычным жыцці Друцка XII ст. Сярод іншага вядома, што ў гэты час у Друцку замацаваліся нашчадкі князя Барыса, сына Ўсяслава Брачыслававіча.
На жаль, нам невядомыя не толькі акалічнасці палітычнай барацьбы, але нават імёны мясцовых князёў у наступным стагоддзі. Праўда, шэраг фактаў, у якіх фігуруюць друцкія князі як быццам XIII ст., данеслі да нас беларуска–літоўскія летапісы. Згодна з першым іх паведамленнем, пад час нашэсця Батыя на Русь вялікі князь кіеўскі Дзмітрый уцёк з горада. „А въслышав, ижь мужики мешкають без господаря, а зовутся дручане. И он, собравъшися з людми, пошол ко Друцку, и землю Друцкую посел, и город Друческ зарубил, и назвался князем великим друцькым“[3]. Другі эпізод зноў звязаны з барацьбой супраць татар. Вялікі князь літоўскі Транята (у некаторых зводах Скіргайла) сабраў вялікае войска і ў саюзе з „рускімі“ князямі Сямёнам Міхайлавічам Друцкім, Давыдам Мсціслававічам Луцкім і Святаславам Кіеўскім вырушыў супраць „заволжскага цара“ Курдаса. Вырашальная бітва, у якой татары былі разгромлены, адбылася „за Мазырем на реце Окуневце“. У ёй, аднак, загінулі друцкі і луцкі князі[4]. І, нарэшце, у трэцім выпадку друцкі князь Дзмітрый разам са Святаславам Кіеўскім і Львом Уладзімірскім склалі змову супраць вялікага князя літоўскага Рынголта з мэтай сагнаць яго „з отчизн своих, городов руских“. Узяўшы сабе на дапамогу некалькі тысяч татар ад „цара заволжскага“, яны вырушылі на Рынголта, але былі разбіты каля Магільна на Нёмане[5].
Падзеі і асобы, зафіксаваныя ў прыгаданых эпізодах (за выключэннем хіба Батыя ды Траняты), — міфічныя[6], яны не сустракаюцца больш ні ў якіх надзейных крыніцах. Таму пералічаныя факты нельга разглядаць як гістарычныя, яны звязаныя хутчэй з гістарыяграфічнай традыцыяй. Усе тры ўпершыню з’явіліся ў „Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага“. На думку Ежы Ахманьскага, гэты твор быў складзены асобай, шчыльна звязанай з Паўлам Гальшанскім і Альбрэхтам Гаштаўтам, верагодна, паміж 1522 і 1527 г.[7] Менавіта іх роды найбольш услаўляюцца ў „Хроніцы“. Адначасова вядома[8], што прадзедам А. Гаштаўта па жаночай лініі быў князь Дзмітрый Сямёнавіч Друцкі–Зубравіцкі (Мітка Сякіра). А. Гаштаўт ганарыўся сваімі сваяцкімі сувязямі з родам князёў Друцкіх. Адзін з чатырох гербаў, змешчаных на шчыце з яго надмагільнага помніка ў віленскай катэдры, — гэта „Друцк“[9]. Тыя ж гербы (Абданк, Гіпацэнтаўр, Пламеньчык і Друцк) неслі на сабе таксама чатырохчасткавыя шчыты з дараносіцы, запісанай А. Гаштаўтам на касцёл Св. Мікалая ў Геранёнах[10]. У сувязі з гэтым няма нічога дзіўнага ў тым, што „Хроніка“ — відавочна, з меркаванняў прэстыжу — робіць родапачынальнікам Друцкіх вялікага князя кіеўскага. Прычым Друцкія быццам бы захавалі вялікакняскі тытул. Выбар імя таксама падаецца невыпадковым: так звалі прадзеда А. Гаштаўта, ды і ўвогуле гэтае імя было даволі папулярнае ў родзе Друцкіх. У другім фрагменце зноў выявілася жаданне паставіць друцкага князя ўпоравень з кіеўскім, а таксама з луцкім. Яго імя, напэўна, было запазычана з позніх радаводаў, паводле якіх адным з першых прадстаўнікоў рода быў князь Сямён Міхайлавіч Друцкі. Лакалізацыя пераможнай бітвы з татарамі на Мазыршчыне, вельмі верагодна, таксама звязаная з асобай і кар’ерай А. Гаштаўта: у 1513—1539 г. ён займаў пасаду мазырскага старосты. У трэцім эпізодзе друцкі князь у чарговы раз дзейнічае як паплечнік і роўны з кіеўскім і ўладзімірскім князямі. У змове „рускіх“ князёў супраць вялікага князя літоўскага Рынголта, дарэчы, праглядаюцца вельмі блізкія паралелі з вядомай змовай князёў Міхаіла Алелькавіча, Івана Гальшанскага і Фёдара Бельскага супраць Казіміра Ягелончыка ў 1481 г.
Апавяданне пра барацьбу князя Траняты з Курдас–султанам і пра бітву на Акунёўцы, у якой прынялі ўдзел князі Святаслаў Кіеўскі, Сямён Міхайлавіч Друцкі і Давід Мсціслававіч Луцкі, перадае таксама М. Стрыйкоўскі[11]. Як і ў „Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага“, князь Сямён Друцкі загінуў у бітве. Крыніцай М. Стрыйкоўскага была, відавочна, указаная „Хроніка“. Ён прама спасылаецца на летапісы: „як сведчаць усе летапісцы“[12]. Менавіта М. Стрыйкоўскі першы прама выказаў версію пра блізкае сваяцтва Друцкіх і Астрожскіх. Больш за тое, ён сцвярджаў[13], што Астрожскія паходзяць ад Друцкіх. М. Стрыйкоўскі адзначаў гэта ў сувязі з асобай апошняй жонкі Ўладзіслава II Ягайлы Соф’і, а таксама з прызначэннем князя Канстанціна Астрожскага на пасаду найвышэйшага гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Гісторык лічыў, што Соф’я была дачкой князя Андрэя Іванавіча Друцкага і адмыслова падкрэсліў: „не Гальшанскага, як кладзе летапісец“[14]. З вядомых на сённяшні дзень беларуска–літоўскіх летапісаў князя Андрэя Гальшанскага называе толькі адзін — Хроніка Быхаўца. І гэта крыніца сапраўды лічыць Соф’ю яго дачкой[15]. Праўда, у Хроніцы Быхаўца князь Андрэй фігуруе як Альгімонтавіч, але М. Стрыйкоўскі, напэўна, ведаў, што насамрэч Андрэй быў не сынам, а ўнукам Альгімонта. Сына ж Альгімонта звалі Іван[16]. Апісваючы сітуацыю з прызначэннем К. Астрожскага, М. Стрыйкоўскі таксама абапіраўся на Хроніку Быхаўца ці на вельмі блізкі да яе летапіс[17]. Аднак Хроніка Быхаўца пра паходжанне Астрожскіх ад Друцкіх нічога не гаворыць. Цяжка вырашыць, на падставе якіх фактаў і меркаванняў М. Стрыйкоўскі зрабіў гэтую сваю выснову. Яна не выклікае даверу, аднак у далейшым моцна паўплывала на гістарыяграфічную традыцыю.
Каспар Нясецкі (1682—1744) сцвярджаў, што, „паводле нашых гісторыкаў“, Друцкія паходзяць ад рускіх князёў (Рурыкавічаў)[18]. З гісторыкаў ён спасылаецца на Альберта Каяловіча і Мацея Стрыйкоўскага. Відавочна, працамі толькі гэтых двух аўтараў ён і карыстаўся. З кнігі А. Каяловіча Нясецкі запазычыў звесткі пра паходжанне Друцкіх „з даўніх князёў рускіх“, а таксама пра жаніцьбу князя Андрэя Іванавіча Друцкага з сястрой Вітаўта, ад гэтага шлюбу быццам бы паходзіць жонка Ягайлы — Соф’я[19]. Праўда, апошні факт узыходзіць да хронікі М. Стрыйкоўскага[20]. Непасрэдна ж з хронікі М. Стрыйкоўскага К. Нясецкі спасылаецца на той яе эпізод, дзе ідзе гаворка пра гібель князя Сямёна Міхайлавіча Друцкага ў бітве на Акунёўцы[21]. Астатнія дэталі ранняга радаводу Друцкіх належаць аўтарству самога К. Нясецкага. Згодна з ім, гэты род паходзіць ад уладзімірскага і галіцкага князя Рамана. Раман меў пяць сыноў: Мсціслава, Данілу, Васільку, Уладзіміра і Міхаіла. Апошні быў пачынальнікам Друцкіх і меў шматлікія ўладанні на Валыні. (Відаць, менавіта ў гэтых словах К. Нясецкага трэба шукаць вытокі версіі пазнейшых генеалогаў пра месцазнаходжанне горада Друцка на Валыні.) Міхаіл меў сына Сямёна. Звестку пра князя Сямёна Міхайлавіча Друцкага К. Нясецкі ўзяў, безумоўна, з хронікі М. Стрыйкоўскага. Сямён пакінуў сына Дзмітрыя, той — Івана, а Іван — Сямёна і Андрэя[22]. К. Нясецкі патлумачыў словы М. Стрыйкоўскага аб паходжанні Астрожскіх ад Друцкіх такім чынам, што Астрожскія вялі свой род ад самага малодшага з сыноў князя Рамана — Васіля[23]. Можна здагадвацца, што пад уладзімірскім і галіцкім князем Раманам К. Нясецкі разумеў славутага ўладзімірска–валынскага і галіцкага князя Рамана Мсціслававіча (1170—1205). Аднак яго далейшыя генеалагічныя пабудовы не вытрымліваюць аніякай крытыкі і з’яўляюцца чыстай міфатворчасцю. Дастаткова сказаць, што Раман Мсціслававіч меў усяго двух сыноў — Данілу і Васільку. Тым не менш гербоўнік К. Нясецкага стаў надзвычай папулярнай крыніцай для генеалогаў XIX ст. Напрыклад, запазычанае адтуль сцвярджэнне аб паходжанні Астрожскіх і Друцкіх ад аднаго продка прызнавалася як вартае даверу нават яшчэ некаторымі даследчыкамі пачатку XX ст.[24]
Менавіта на працы К. Нясецкага, а не на хроніцы М. Стрыйкоўскага, як гэта сцвярджае Д. Аляксандраў[25], пабудаваў ранні радавод Друцкіх П. Далгарукаў. Паводле яго працы, родапачынальнік Друцкіх князь Міхаіл быў адным з пяці сыноў (іх імёны і нават чарговасць цалкам супадаюць з адпаведнымі звесткамі К. Нясецкага) уладзіміра–валынскага князя Рамана Аляксандравіча[26]. П. Далгарукаў таксама першым прама заявіў, што Друцк знаходзіўся на Валыні. Праўда, ён ведаў і пра „другі“ — беларускі — Друцк[27]. У выкладанні ж далейшага (пачынаючы з князя Міхаіла) радаводу Друцкіх П. Далгарукаў і крыху пазней П. Пятроў[28] абапіраліся ўжо зусім на іншыя крыніцы, а менавіта на расійскія радаводныя кнігі. Радаводныя кнігі, безумоўна, утрымліваюць надзвычай важную і цікавую генеалагічную інфармацыю, бо складаліся нашчадкамі родаў — напрыклад, тымі ж князямі Друцкімі, некаторыя з якіх выехалі ў Вялікае Княства Маскоўскае на пачатку XVI ст. Аднак яны маюць і свае хібы. Сярод найбольш істотных трэба назваць позні час складання: XVI ці нават XVII ст. Значная храналагічная адлегласць, палітычная сітуацыя ў Маскве, а таксама іншыя фактары не маглі не паўплываць адмоўна на дакладнасць звестак.
Не адкідваючы цалкам варыянты радаводу, пададзеныя расійскімі радаводнымі кнігамі, а таксама распрацаваныя даследчыкамі, варта ўсё ж ставіцца да іх крытычна. Адначасова трэба звярнуць увагу на некаторыя дадатковыя факты, бо крыніцавая база праблемы ранейшымі даследчыкамі яшчэ далёка не вычарпаная. Напрыклад, не выкарыстоўвалася, з адным выключэннем, такая важная крыніца, як памяннік (сінодзік) Кіева–Пячорскай лаўры. Гэты памяннік тым больш каштоўны, што датаваны раннім часам: 1483—1526 г.[29] Сярод іншых звестак, ён утрымлівае запіс пад загалоўкам: „Род князя Дмитриа Ивановича Путятича, воеводы киевьскаго“[30]. Князь Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч належаў да роду Друцкіх і займаў пасаду кіеўскага ваяводы з 1492 г. і да смерці ў 1505 г.[31] Не выклікае сумніву, што гэты запіс быў унесены ім на ўспамін свайго роду і асабіста сябе ў перыяд кіеўскага ваводства. Сярод даследчыкаў шырока распаўсюджана і з’яўляецца амаль што агульнапрынятай думка аб цяжкасці і спрэчнасці інтэрпрэтацыі матэрыялаў паменнікоў і, адпаведна, іх невялікай каштоўнасці як гістарычнай крыніцы. Сапраўды, трактаваць іх звесткі надзвычай складана. Аднак гэта справа не безнадзейная і ў шэрагу выпадкаў пэўныя заканамернасці ўсё ж такі можна вылучыць — праўда, пры ўмове абавязковага выкарыстання дадатковай інфармацыі. Адзін з такіх узораў — гэта памінальны запіс Дзмітрыя Пуцяціча. Ён складаецца, апрача цытаванага загалоўка, з 32 імёнаў, 24 з якіх — мужчынскія і 8 — жаночыя. На першым месцы пастаўлена імя самога князя Дзмітрыя Пуцяціча. Наступныя ж шэсць імёнаў выглядаюць вось як: „князя Данила Дрюцкого, князя Михаила, князя Михаила, князя Димитриа, князя Симеона, князя Иоанна“[32]. Спроба інтэрпрэтацыі гэтага ўрыўка рабілася ў літаратуры[33], аднак яе нельга прызнаць цалкам удалай.
Пры ўважлівым разглядзе прыведзенага шэрагу імёнаў прасочваецца пэўнае правіла. На падставе дакументальных крыніц высветлена[34], што Сямён быў сынам Дзмітрыя, а Іван — сынам Сямёна. Князь Іван — гэта, відавочна, бацька Дзмітрыя Пуцяціча. Такім чынам, тры апошнія імя прадстаўляюць продкаў Дзмітрыя Пуцяціча па прамой узыходнай лініі: прадзед, дзед і бацька. Лагічна дапусціць, што першыя тры імя расстаўлены паводле той жа заканамернасці. Гэта падаецца вельмі верагодным яшчэ і таму, што ў такім выпадку князь Дзмітрый Пуцяціч пералічыў сваіх мужчынскіх продкаў да сёмага калена.
Князь Даніла Друцкі па іншых крыніцах невядомы. Аднак, у сувязі з запісам у паменніку, адмаўляць яго рэальнае існаванне немагчыма. Час княжання Данілы Друцкага вызначыць дастаткова складана. З упэўненасцю можна сцвярджаць толькі, што ён памёр да 1330 г., калі ў Друцку княжыў ужо Міхаіл. Даніла Друцкі мог жыць як у першае трыццацігоддзе XIV ст., так і яшчэ раней. Л. Дэ Вітэ выказала меркаванне[35], што пад Данілам Друцкім трэба разумець унука Данілы Раманавіча Галіцкага Данілу Мсціслававіча. Спраўды, крыніцы ведаюць такога князя. Пад 1280 г. яго прыгадвае Іпацеўскі летапіс[36]. Аднак атаясамліваць князёў толькі на падставе супадзення імёнаў ды магчымай адначасовасці іх жыцця нельга. Імя Даніла хоць і не належала да самых папулярных, але і рэдкім яго таксама нельга лічыць. Напрыклад, прыблізна ў гэты ж час жыў заснавальнік маскоўскай княскай дынастыі — Даніла Аляксандравіч (1261—1303). Найбольш верагодна, што Даніла Друцкі быў нашчадкам полацкага княскага роду. Праўда, нельга цалкам выключыць і таго, што ў XIII ст. у Друцку замацаваліся князі іншага паходжання[37]. Д. Аляксандраў перакананы ў гэтым. Ён нават прапанаваў кандыдатуру і час: прадстаўнік чарнігаўскай дынастыі Сямён Міхайлавіч як быццам укняжыўся ў Друцку ў першай палове 40–х г. XIII ст. Аднак спроба абаперціся на легендарныя звесткі беларуска–літоўскіх летапісаў і хронікі М. Стрыйкоўскага робяць пабудовы даследчыка надзвычай гіпатэтычнымі[38].
Мяркуючы па пераліку ў паменніку, князь Даніла Друцкі меў сына Міхаіла і ўнука з такім імем. У адрозненні ад Данілы, князь Міхаіл Друцкі вядомы і па іншых крыніцах. У 1330 г. ён ахвяраваў мітрапаліту Феагносту срэбны каўкій (царкоўны посуд)[39]. Цяжка сказаць, кім даводзіўся гэты Міхаіл Данілу, сынам ці ўнукам. Відаць, нейкія глухія ўспаміны пра князя Міхаіла як заснавальніка роду захоўваліся ў сям’і Друцкіх у Маскве яшчэ ў XVI—XVII ст., бо менавіта Міхаіла лічаць родапачынальнікам гэтай княскай дынастыі расійскія радаводныя кнігі.
У 2–й чвэрці XIV ст. крыніцы зафіксавалі князя Івана Друцкага. У 1339 г. на загад маскоўскага князя Івана Данілавіча ён разам з іншымі князямі хадзіў на Смаленск[40]. Іван Друцкі прадаў сваё сяло „в Дмитрове“ пераемніку Івана Каліты — вялікаму князю Сямёну Іванавічу, аб чым і згадвае яго тэстамент 1353 г.[41] На гэтым нашы звесткі пра яго вычэрпваюцца. Трэба пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія звязвалі ад’езд князя Івана Друцкага ў Маскву з наступам вялікага князя літоўскага Гедыміна на ўсход[42]. Адносна ж яго сваяцкіх сувязяў нельга сказаць нічога пэўнага.
Напісанае двойчы імя Міхаіл ускладняе праблему ідэнтыфікацыі кожнай з асоб і высвятлення храналогіі іх княжанняў. Адначасова прыходзіць на памяць асоба князя Васіля Міхайлавіча Друцкага. Апрача расійскіх радаводных кніг, ён вядомы і па дзвюх крыніцах XIV ст. Гэта — укладны запіс у Друцкім евангеллі і дарчая грамата вялікага князя полацкага Андрэя Альгердавіча Фёдару і Дзмітрыю Корсакам. Абедзве крыніцы не маюць дакладных дат. Андрэй Альгердавіч, у грамаце якога князь Васіль Друцкі выступае ў якасці сведкі[43], панаваў у Полацку пачынаючы з 1348 г. і да 1387 г. з невялікім перапынкам у 1377/1378—1382(?) г. Можна пагадзіцца з Г.Л. Харашкевіч, якая датавала грамату Андрэя Альгердавіча 80–мі гадамі[44]. Як здаецца, яна магла быць выдадзена і ў 1377 г. Значыць, князь Васіль Міхайлавіч жыў у гэты час. Праўда, ён мог жыць і раней, і пазней. Імя Васіля Міхайлавіча не згадваецца ў Кіева–Пячорскім сінодзіку ў лініі продкаў князя Дзмітрыя Пуцяціча. Аднак яго імя па бацьку і факт княжання ў Друцку, як здаецца, з дастатковай ступенню верагоднасці ўказваюць на паходжанне ад аднаго з Міхаілаў. Можна выказаць дзве версіі наконт яго сваяцкіх сувязяў. Васіль Міхайлавіч мог быць сынам Міхаіла Данілавіча і братам Міхаіла Міхайлавіча. Такім чынам, ён тады не ўваходзіў у прамую лінію, прадстаўленую ў паменніку. Паводле другой гіпотэзы, ён з’яўляўся сынам Міхаіла Міхайлавіча і ўнукам Міхаіла Данілавіча. Калі гэта было сапраўды так, ён мог княжыць у Друцку і не адзін. На гэта як быццам указвае тая акалічнасць, што населеныя пункты, адзначаныя ва ўкладным запісе, размешчаны ў паўночным і паўночна–заходнім кірунках ад Друцка. Тым не менш запіс малюе Васіля Міхайлавіча як дастаткова магутнага і багатага валадара свайго княства. Яго рэзідэнцыя знаходзілася ў Друцку. На карысць гэтага сведчаць таксама вельмі дарагі ўклад (пергамінавае евангелле ў абкладзе) ды шчодрыя зямельныя падараванні, у тым ліку і вельмі аддаленых вёсак[45]. Такім чынам, калі Васіль Міхайлавіч княжыў у Друцкім княстве не адзін, усё ж такі на той момант яго драбленне зайшло яшчэ не вельмі далёка. Храналагічна яго княжанне трэба звязваць з сярэдзінай — другой паловай XIV ст.
У айчыннай літаратуры рабілася спроба звязаць паходжанне Друцкіх з сынам Гедыміна Нарымонтам і яго нашчадкамі. А. Белы выказаў меркаванне, што князь Міхаіл Друцкі паведамлення 1330 г. і сын Нарымонта Міхаіл маглі быць адной асобай[46]. Гэтая версія вартая разгляду, бо сярод нашчадкаў Нарымонта знаходзім Васіля Міхайлавіча — поўнага цёзку друцкага князя. Іх атаясамленне вырашала б пытанне на карысць паходжання Друцкіх сапраўды ад Нарымонта.
Князь Васіль Міхайлавіч Нарымонтавіч быў прыкметнай постаццю ў Вялікім Княстве Літоўскім у 2–й палове XIV ст. Яго асобай упершыню зацікавіўся Ю. Вольф[47]. Ён лічыў Васіля Міхайлавіча ўнукам Нарымонта. Той жа думкі прытрымліваўся Ю. Пузына[48]. Дзякуючы іх намаганням былі сабраныя звесткі пра дзейнасць гэтага князя. Упершыню ён выступае ў 50–я г. XIV ст. У копіі 2–й паловы XVI ст. захаваўся ўрывак фундацыйнай граматы „пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого“ на царкву Раства Божай Маці ў Куранцу[49]. 27 кастрычніка 1386 г. у Луцку князь Васіль Пінскі прынёс прысягу на вернасць каралю Ўладыславу II Ягайлу і яго жонцы Ядвізе[50]. Пра ўдзел „Нарымонта Васіля Пінскага“ ў вясельных урачыстасцях у Кракаве ў 1386 г. і пра яго прысягу напісаў М. Стрыйкоўскі[51]. 11 жніўня 1387 г. князь Васіль Пінскі разам з Вітаўтам і іншымі князямі паручыўся перад Уладыславам II Ягайлам за галіцкага ваяводу Бенедыкта[52]. Князь Васіль Міхайлавіч названы другім сярод князёў і баяр, якія паміж 1387 і 1390 г. паручыліся перад Скіргайлам за Грыдку Канстанцінавіча[53]. Захавалася таксама недатаваная менавая грамата, якую „князь Васіль Нарымонтавіч“, выступаючы, відавочна, як уладар Піншчыны, даў Паўлу Катовічу[54]. Ю. Вольф выказаў думку[55], што князь Васіль Міхайлавіч памёр напрыканцы XIV ст. Ю. Пузына, як здаецца, цалкам праўдападобна ўдакладніў дату смерці князя Васіля Міхайлавіча: 1390 г.[56] Абапіраючыся на Я. Длугаша[57] і М. Стрыйкоўскага[58], ён прыйшоў да высновы, што забіты на загад Вітаўта „князь Нарымунд“ — гэта і ёсць князь Васіль Міхайлавіч. Ян Длугаш паведамляе[59], што яго жонкай была Ульяна — родная сястра жонкі Вітаўта Ганны. Як вядома, Ганна была дачкой князя Святаслава Смаленскага.
Ян Тэнгоўскі лічыць князя Васіля не ўнукам, а сынам Нарымонта[60]. Але ў такім выпадку незразумела, чаму гэты князь насіў імя па бацьку Міхайлавіч, бо хрысціянскім імем Нарымонта было Глеб. Даследчык паставіў пад сумніў сапраўднасць дакумента 1355 г. Ён звярнуў увагу на неадпаведнасць індыкта году, а таксама на тое, што Мсціслаў трапіў пад уладу вялікіх князёў літоўскіх пазней (у 1359 г.) і Васіль Міхайлавіч да гэтага часу не мог называць сябе „панам мсціслаўскім“[61]. У цэлым копія сапраўды выклікае некаторыя падазрэнні, у прыватнасці дзіўнай тэрміналогіяй. Але не трэба забываць, што гэта далёка не першая, і прычым позняя копія. Што ж датычыцца аргументаў Я. Тэнгоўскага, дык індыкт бянтэжыць толькі на першы погляд. Калі адлічваць яго па студзеньскай сістэме, прынятай у каталіцкім свеце, дык 1355 году насамрэч адпавядае восьмы, а не дзевяты індыкт. Але трэба мець на ўвазе, што на праваслаўнах землях карысталіся не студзеньскім, а вераснёўскім індыктам. Толькі вераснёўскі індыкт і мог быць прастаўлены ў разгляданым дакуменце. Дзевяты індыкт пачаўся 1 верасня 1355 г. і скончыўся 31 жніўня 1356 г. Такім чынам, акт быў складзены паміж 1 верасня і 31 снежня 1355 г.
Адносна далучэння Мсціслава да Вялікага Княства Літоўскага можна адзначыць наступнае. Распавядаючы пра напад літоўцаў на Прусію ў 1352 г., ордэнскі храніст Віганд Марбург зафіксаваў удзел у ім „караля са Смаленска“. Для „караля“ выправа скончылася трагічна — ён загінуў. Адзін нямецкі рыцар вырашыў перадаць яго цела „за вялікія падарункі“ Кейстуту, бо „кароль“ быў сынам яго брата[62]. Даследчык гісторыі Смаленскага княства П. Галубоўскі скептычна паставіўся да паведамлення В. Марбурга і Я. Длугаша аб удзеле смалян у гэтым паходзе. Адпаведны фрагмент Я. Длугаша ён зразумеў такім чынам, што на чале смалян стаяў Патрыкій Нарымонтавіч і крытыкаваў польскага храніста за гэтую відавочную памылку[63]. Аднак у Я. Длугаша імя смаленскага князя не ўказана[64]. Хто ж быў гэты смаленскі князь, пляменнік Кейстута? Г. Пашкевіч лічыў[65], што гэта мог быць сын Альгерда. Аднак Альгердавічаў можна адразу выключыць: па–першае, яны былі яшчэ замаладыя, а па–другое, В. Марбург выдатна ведаў Альгерда і згадаў яго ў апавяданні пра той жа напад[66]. Калі б гэта быў нехта з Альгердавічаў, незразумела, навошта храністу было яго называць менавіта пляменнікам Кейстута, а не сынам Альгерда. Нішто не перашкаджае дапусціць, што ў Смаленску ў гэты час княжыў Міхаіл Нарымонтавіч. (У сваёй нядаўняй манаграфіі Г. Ластоўскі залічыў згадку В. Марбургам „караля са Смаленска“ ў паведамленні 1352 г. да геаграфічных памылак храніста. Але адначасова выказаў меркаванне[67], што ў гэтай асобе насамрэч трэба бачыць аднаго з сыноў Нарымонта). Названы князь ні ў якіх крыніцах не згадваецца, і яго існаванне вынікае толькі з імя па бацьку князя Васіля Міхайлавіча Нарымонтавіча[68]. Гэта і дало падставы найноўшым даследчыкам адмаўляць яго існаванне ўвогуле[69]. Аднак іх аргументы не пераконваюць. Княжанне (відаць, непрацяглае) Міхаіла Нарымонтавіча ў Смаленску шмат што праясніла б. Па–першае, калі прыняць, што блізу 1350 г. літоўцы нейкім чынам здолелі ўсталявацца ў Смаленску, становіцца зразумелым, чаму ў 1352 г. вялікі князь маскоўскі Сямён Іванавіч хадзіў на Смаленск[70]. Гэты паход — абсалютна невытлумачальны з пункту гледжання папярэдніх узаемных стасункаў Масквы і Смаленска. Ніякіх сутыкненняў напярэдадні 1352 г. паміж імі не назіралася, гэты паход выглядае поўнай нечаканасцю. З летапісаў нельга таксама зразумець мэты выправы Сямёна Іванавіча. Адметна, што на абарону смалян выступіў Альгерд, паслаўшы да вялікага князя маскоўскага сваіх паслоў[71]. Факт княжання ў 1352 г. Міхаіла Нарымонтавіча тлумачыць і тое, чаму князь Васіль Міхайлавіч фігуруе ў грамаце як „пан мсціслаўскі“. Пануючы ў Смаленску, Міхаіл Нарымонтавіч прызначыў свайго сына кіраваць адным са смаленскіх прыгарадаў — звычайная практыка сярод князёў на Русі. Варта нагадаць яшчэ і тое, што, паводле Я. Длугаша, забіты ў 1390 г. „Нарымунд“ быў жанаты са смаленскай князёўнай Ульянай. Раней лічылася[72], што Ульяна на самай справе была жонкай брата Вітаўта Таўцівіла–Конрада, аднак апошнім часам гэты пункт гледжання крытыкуецца[73]. Таму зусім не выключана, што ў паведамленні Яна Длугаша мог знайсці адлюстраванне нейкі рэальны факт і Васіль Нарымонтавіч быў жанаты з князёўнай са смаленскай дынастыі.
Такім чынам, рэальна існавалі і Міхаіл Нарымонтавіч, і яго сын Васіль. Ян Тэнгоўскі адрознівае князя Васіля Нарымонтавіча ад князя Васіля Пінскага[74]. Аднак, у сувязі з вышэйсказаным, гэта наўрад ці можна прыняць. Між іншым і таму, што М. Стрыйкоўскі прама называе князя Васіля Пінскага Нарымунтам.
Можна назваць тры асноўныя рысы, якія аб’ядноўваюць Васіля Міхайлавіча Друцкага і Васіля Міхайлавіча Нарымонтавіча Пінскага. Яны насілі адно імя, жылі ў адзін час і выказвалі прыхільнасць культу Божай Маці (і адзін і другі заснавалі цэрквы ў яе гонар). Аднак культ Маці Боскай быў вельмі пашыраны. Імёны Васіль і Міхаіл таксама мелі вялікую папулярнасць, у гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім магло быць і некалькі князёў з імем Васіль Міхайлавіч. Да таго ж, зыходзячы з дзвюх яго грамат, князь Васіль Міхайлавіч Пінскі быў схільны падкрэсліваць сваё паходжанне ад Нарымонта і далучаць гэтае імя да свайго. Васіль жа Міхайлавіч Друцкі ў сваёй укладной фігуруе без гэтага дадатку. Нарэшце, князь Васіль Нарымонтавіч Пінскі ў 80–я г. дзейнічаў як зацяты прыхільнік Ягайлы. А Васіль Міхайлавіч Друцкі ўваходзіў у кола блізкіх людзей Андрэя Альгердавіча — праціўніка Ягайлы. Таму версія пра паходжанне князёў Друцкіх ад Нарымонта не пацвярджаецца. Між іншым, няма ніякіх звестак аб сувязі нашчадкаў Нарымонта з Друцкам. Яны ніколі не прад’яўлялі сваіх правоў на гэтае княства[75].
У сувязі з разгляданым сюжэтам варта больш падрабязна спыніцца на такім выдатным помніку беларускай культуры і гісторыі, як Друцкае евангелле. Паводле почырку, яно прызнаецца творам XIV ст.: першай паловы[76] ці канца яго[77]. На тое ж стагоддзе ўказвае таксама асоба і ўкладны запіс князя Васіля Міхайлавіча Друцкага, напісаны адным з почыркаў асноўнага тэксту евангелля. У гэтым запісе згадваюцца яшчэ жонка князя Васіліса і іх не названыя па імёнах дзеці[78]. Але храналагічнай прывязцы да XIV ст. быццам бы супярэчыць дата — 1001 (6509 ад стварэння свету) год. Запіс сцвярджае, што менавіта ў гэтым годзе князь Васіль Міхайлавіч заснаваў у Друцку царкву Святой Багародзіцы і забяспечыў шчодрымі падараваннямі яе дзейнасць. Аднак указаны год выклікае шматлікія пытанні, бо супярэчыць іншым дадзеным укладнога запісу, Друцкага евангелля ў цэлым, а таксама гістарычным фактам. Па–першае, мова запісу не адпавядае мове мяжы X—XI ст. ні паводле граматыкі, ні паводле слоўнікавага складу. Гэта выключае тую верагоднасць, што ўкладны запіс з’яўляецца пазнейшай копіяй запісу 1001 г. Па–другое, почырк датуецца XIV ст. Па–трэцяе, князь Васіль Міхайлавіч Друцкі жыў у XIV ст. Надзвычай малаверагодна, каб у 1001 г. у Друцку жыў і княжыў яго цёзка. Незразумела, чаму тады яго імя не зафіксавана летапісамі. Нельга таксама зразумець, хто ён быў з паходжання і якія сувязі яго лучылі з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Святаслававічам, бо на Русі тады княжылі толькі ён сам ды яго сыны. Па–чацвертае. Як вядома, хрысціянства было прынята на Русі ў 988 г. Аднак князі, не гаворачы ўжо пра прадстаўнікоў ніжэйшых сацыяльных пластоў, карысталіся амаль што выключна сваімі язычніцкімі імёнамі яшчэ вельмі доўга — на працягу ўсяго XI ст. ды і нават значна пазней. Менавіта пад імі яны выступаюць у летапісах і іншых крыніцах. Час ад часу, у запісах царкоўнага зместу, яны ўжывалі і свае хрысціянскія імёны — але заўсёды разам са славянскімі. А Васіль Міхайлавіч назваў толькі хрысціянскія і сваё, і бацькава імёны. Яго жонка таксама выступае толькі пад сваім хрысціянскім імем. У запісе згаданае „лукъно Якимово“, г. зн. мядовая даніна з селяніна Якіма ці нават ужо населены пункт з такой назвай. Якім — хрысціянскае імя (Іlакімъ). Падаецца неверагодным, каб на мяжы X—XI ст. селянін стала выступаў пад сваім хросным імем, бо ў гэты час хрысціянізацыя закранула вёску ў мінімальнай ступені — калі ўвогуле закранула. Тое, што імя Якім было ўжо тады замацавана ў тапоніме, можна таксама выключыць. Па–пятае, калі запіс не пазнейшая копія, вельмі цяжка праўдападобна вытлумачыць, адкуль пісец XIV ст. мог ведаць, што царква была заснавана ў 1001 г.[79]
Калі больш уважліва прыгледзецца да запісу[80], дык можна заўважыць, што почырк самага верхняга радка левага слупка істотна адрозніваецца ад почырку астатняга яго тэксту. Словы „Въ лѢт ‡SФѲ–Ѣ створе…“ напісаныя драбнейшымі і іншымі па форме літарамі, са значна большай разрадкай. Гэта асабліва прыметна на даце. Першая літара „В“ чытаецца дрэнна. Вынасное „т“ напісана, падобна, па аналогіі са словам „лѢт(о)“ у змешчаным на той самай старонцы запісе 1441 г. На матэрыяле пісьма — пергаміне — можна заўважыць падцёкі. Складваецца ўражанне, што напісана па змытым. Але каму, калі і навошта спатрэбілася карэктаваць запіс?
Зусім не выключаная верагоднасць свядомай падробкі. У сувязі з гэтым прыгадваецца асоба вядомага расійскага падробніка старажытных рукапісаў 1–й паловы XIX ст. Аляксандра Сулакадзэва. Методыка яго працы нечым нагадвае зафіксаваную ў Друцкім евангеллі. А. Сулакадзэў браў старадаўнія рукапісы і з дапамогай прыпісак на палях „рабіў“ іх больш старажытнымі і рэдкімі, чым яны былі ў рэчаіснаці. Ён імкнуўся „надаць“ рукапісам як мага большую старажытнасць — чым даўней, тым лепей. Яшчэ адной адметнай рысай „творчага почырка“ А. Сулакадзэва было жаданне забяспечыць свае запісы датамі — як правіла, з дакладнасцю да года[81]. Сярод іх сустракаюцца і вельмі блізкія да даты Друцкага евангелля: 999 і 1000 г.[82] Пасля смерці А. Сулакадзэва (1830 г.) яго кнігазбор быў распрададзены розным установам і прыватным асобам[83]. На жаль, невядома, якім чынам Друцкае евангелле трапіла ў бібліятэку акадэміка М.М. Ціхамірава, але сярод яго кніг былі і асобнікі з калекцыі А. Сулакадзэва — у прыватнасці, №8[84]. Таму не выключана, што і Друцкае евангелле паходзіць адтуль жа. Разам з тым ёсць і важныя адрозненні запісу ў Друцкім евангеллі ад прадукцыі А. Сулакадзэва. Ён, напрыклад, рабіў свае прыпіскі на палях і на чыстых старонках рукапісаў, прычым гэтыя запісы не былі звязаныя з асноўным тэкстам[85]. На сённяшні дзень невядома ніводнага выпадка, каб А. Сулакадзэў змываў стары надпіс і пісаў свой паверх яго. Да таго ж „старажытны“ почырк, якім пісаў А. Сулакадзэў, даволі пазнавальны[86] і ён адрозніваецца ад почырка, якім выкананыя першыя, вышэй цытаваныя, словы ўкладнога запісу ў Друцкім евангеллі. Таму нельга быць цалкам перакананым у тым, што пачатковая частка запісу падроблена свядома і што аўтар падробкі — А. Сулакадзэў.
Гаворка можа ісці таксама пра тое, што кніга была пашкоджана несвядома, у выніку нядбайнага захоўвання. Яна магла, напрыклад, патрапіць у ваду. І тады нехта паднавіў першыя змытыя словы. Мяркуючы па ўсім, стары тэкст ужо тады кепска чытаўся ці быў нечытэльны ўвогуле. Цяжка сказаць, калі і тым больш кім гэта магло быць зроблена, аднак некаторыя літары (напрыклад, „Ф“) падобныя на паўустаў XVI ст.
Так ці інакш, але дату 1001 г., безумоўна, трэба адкінуць. Гэты год не можа лічыцца годам першай згадкі горада Друцка. Ю. Заяц, як здаецца, вельмі праўдападобна растлумачыў прычыны і акалічнасці заснавання Друцка, датаваўшы гэтую падзею хуткім часам пасля 1021 г.[87] Першапачаткова ва ўкладным запісе, хутчэй за ўсё, сапраўды была нейкая дата, перапраўленая пазней на „6509“. З той прычыны, што княжанне Васіля Міхайлавіча ў Друцку прыпадае на сярэдзіну — другую палову XIV ст., менавіта гэтым часам і трэба датаваць Друцкае евангелле.
Наступнае ў шэрагу імён Кіева–Пячэрскага паменніка — Дзмітрый. Вялікая колькасць рускіх летапісных зводаў пад 1372 г. паведамляе пра выправу літоўскіх князёў, накіраваную князем Міхаілам Цвярскім на Пераяслаў і Кашын. Сярод іх названы Кейстут, Андрэй Полацкі, Дзмітрый Друцкі і Вітаўт[88]. На першы погляд, памяннік дае падставы лічыць, што ў летапісе ідзе гаворка пра Дзмітрыя Міхайлавіча Друцкага. Але больш уважлівы разгляд летапісных паведамленняў выклікае пытанне: з якой прычыны тады друцкі князь названы сярод найбліжэйшых сваякоў вялікага князя літоўскага Альгерда? Відавочна таму, што ён таксама належаў да іх ліку. Пад Дзмітрыем Друцкім трэба разумець другога сына Альгерда. Як Альгердавіч ён фігуруе ўжо ў некаторых летапісах[89]. Гэтай жа думкі прытрымліваліся складальнікі паказальнікаў да „Поўнага збору рускіх летапісаў“[90]. Яна выказвалася і ў пазнейшых даследчыцкіх працах[91]. Дзмітрый Альгердавіч княжыў не толькі ў Друцку, але і ў Бранску. Менавіта ён зафіксаваны як Дзмітрый Бранскі ў вядомай перамірнай грамаце 1372 г. паміж вялікімі князямі Альгердам і Дзмітрыем Маскоўскім — зразумела, на баку Альгерда. Адметна, што грамата зазначае: „А князю великому Олгерду и брату его, князю Кестутью, и ихъ детемъ за него [князя Міхаіла Цвярскога. — В.В.] ся не въступати“[92]. Гэта відавочны намёк на вясновы паход 1372 г. Кейстута, Вітаўта, Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў.
Якім чынам Дзмітрый Альгердавіч старэйшы стаў друцкім князем? У пераліку князёў, якія загінулі на Ворскле ў 1399 г. і аказаліся занатаванымі ў рускіх летапісах, сярод іншых быў унесены і „князь Андрей, пасынок Дмитриев“[93]. У адным са спісаў[94] замест яго знаходзім „князя Андрея Дрютьского“. Такім чынам, гэта адна асоба. Пад Дзмітрыем тут можна разумець толькі Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага, які загінуў тады ж. Адсюль вынікае, што Дзмітрый Альгердавіч быў жанаты з удавой друцкага князя. Так ён і атрымаў Друцк. Ю. Пузына лічыў[95], што шлюб адбыўся паміж 1339 і 1345 г. Аднак з гэтым наўрад ці можна пагадзіцца. Дзмітрый Альгердавіч быў замалады ў гэты час. Мяркуючы па падзеях у Пскове[96], ахрышчаны там у 1342 г. Андрэй Альгердавіч быў яшчэ падлеткам. (Цікава, што пра хрышчэнне Андрэя „ў дзяцінстве“ паведамляе М. Стрыйкоўскі [97].). А Дзмітрый быў яго малодшым братам. Шлюб быў заключаны пазней.
Расійскі гісторык М. Хмыроў сцвярджаў, што дачка Алега Іванавіча Разанскага Настасся ў першым шлюбе была замужам за князем Дзмітрыем Васілевічам Друцкім. Ад яго яна мела сыноў Андрэя і Васіля Друцкіх. Другім мужам Настассі Алегаўны быў Карыбут–Дзмітрый Альгердавіч, трубчаўскі, бранскі і ноўгарад–северскі князь. Ён загінуў у бітве на Ворскле[98]. Крыніцы М. Хмырова невядомыя. Адначасова трэба адзначыць блытаніну, якую ён дапусціў у дачыненні да асобы князя Дзмітрыя Альгердавіча. Альгерд меў двух сыноў з такім імем: Дзмітрыя старэйшага (ад першай жонкі) і Карыбута–Дзмітрыя (ад другой). Да працы Ю. Вольфа[99] іх часта блыталі. Не пазбегнуў гэтай памылкі і М. Хмыроў. На самай справе Дзмітрый старэйшы княжыў у Бранску і Трубчаўску, ён і загінуў на Ворскле ў 1399 г. А Карыбут–Дзмітрый быў ноўгарад–северскім князем. Факт шлюбу Карыбута–Дзмітрыя з дачкой Алега Разанскага пацвярджаецца дакументам, але гэты дакумент не называе яе імя[100]. Хутчэй за ўсё, у працы М. Хмырова знайшлі адлюстраванне два шлюбы: Карыбута–Дзмітрыя Альгердавіча з дачкой Алега Разанскага і Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага з удавой друцкага князя. Мяркуючы па Кіева–Пячэрскім паменніку, гэта быў Міхаіл Міхайлавіч. Такім чынам, паміж імёнамі Міхаіл і Дзмітрый Кіева–Пячорскага паменніка можна канстатаваць „збой“: пераемнасць старой княскай дынастыі і нашчадкаў Дзмітрыя Альгердавіча, якія замацаваліся ў Друцку пазней, увасобіла жанчына. Цалкам можа быць, што Дзмітрый Альгердавіч княжыў у Друцкім княстве не адзін. Калі слушна тое, што Васіль Міхайлавіч быў братам Міхаіла Міхайлавіча Друцкага, пасля смерці брата ён мог захаваць за сабой прынамсі частку княства.
Напэўна, менавіта Дзмітрый Альгердавіч быў тым друцкім князем, які ў 1374 г. хадзіў з Андрэем Полацкім на Дзюнабург. У хроніцы Г. Вартберга: „reges de Plotzeke ac de Odriske“[101]. Пад „Odriske“ трэба разумець, безумоўна, Друцк.
Увогуле ж кідаецца ў вочы падабенства лёсаў Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў. Два найстарэйшыя сыны Альгерда нейкі час княжылі ў адным рэгіёне. Часта разам удзельнічалі ў ваенных паходах. Калі ў снежні 1379 г. Дзмітрый Маскоўскі вырашыў падпарадкаваць Трубчаўск і Старадуб, якія ўваходзілі ў лік уладанняў Дзмітрыя Альгердавіча, ён паслаў сярод ваявод і Андрэя Альгердавіча. Відаць, менавіта дзякуючы перагаворам з братам Дзмітрый „не сталъ на бои … и не бьяся, но выиде изъ города съ княгинею своею, и з детми, и съ бояры своими, приеха на Москву градъ“[102]. Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы разам удзельнічалі ў бітве на Куліковым полі. Загінулі яны таксама ў адзін дзень — на Ворскле ў 1399 г. Два найстарэйшыя Альгердавічы былі, відаць, не толькі ваенна–палітычнымі саюзнікамі, але і блізкімі сябрамі[103]. Мяркуючы па ўсім, такія сяброўскія, блізкія стасункі былі вельмі распаўсюджаны і ўсяляк заахвочваліся сярод братоў, і асабліва блізкіх па ўзросту, Гедымінава роду. Дастаткова прыгадаць „тандэмы“: Альгерд і Кейстут, Вітаўт і Ягайла (да вядомых падзей 1381—1382 г.)…
На жаль, нельга дакладна вызначыць, да якога часу Дзмітрый Альгердавіч кіраваў Друцкам. Але пасля яго пераходу ў Маскву гэта было ўжо немагчыма. Дакладна невядома, хто княжыў у Друцку да пачатку 90–х г. Але калі ў 1393 г. Вітаўт хадзіў на Віцебск, „друцкии князи стретили князя великого Витовта с честью великою и ударили ему чолом в службу“[104]. Сярод іх маглі быць як дзеці Дзмітрыя Альгердавіча, так і яго пасынкі — нашчадкі Міхаіла Міхайлавіча, а таксама сыны Васіля Міхайлавіча. Калі сыны Міхаіла Міхайлавіча падраслі, а іх айчым замацаваўся ў Бранску, яны, напэўна, сталі княжыць у бацькоўскім Друцку. Да ліку пасынкаў належаў Андрэй, які загінуў на Ворскле.
Юзаф Пузына лічыў[105], што сынам Дзмітрыя Альгердавіча быў князь Глеб, які фігуруе ў „Сказанні пра Мамаева пабоішча“ то як Друцкі, то як Бранскі. Улічваючы, што Дзмітрый Альгердавіч княжыў у Друцку і Бранску, можна сапраўды вырашыць, што ён меў сына Глеба, які згадваецца ў крыніцы пад тытуламі князя Бранскага і Друцкага. Але пры больш уважлівым азнаямленні са „Сказаннем“ высвятляецца, што Глеб Друцкі і Глеб Бранскі — гэта розныя асобы. Па–першае, на аглядзе войск у Каломне вялікі князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч паставіў князя Глеба Бранскага на чале палка левай рукі[106]. Глеб жа Друцкі быў пастаўлены кіраваць перадавым палком[107]. Нават калі гэта разыходжанне і вынік памылкі перапісчыка (бо яно фіксуецца ў розных рэдакцыях твора), адрозненні ўсё роўна застаюцца. Напрыклад, у адной з груп спісаў „Сказання“ паведамляецца, што князь Глеб Бранскі страціў жыццё на Куліковым полі[108], Глеб жа Друцкі жыў яшчэ нейкі час. Прычым тут бранскі князь названы Іванавічам — яскравы аргумент супраць таго, што ён быў сынам Дзмітрыя Альгердавіча. Праўда, і ў гэтым выпадку нельга быць цалкам перакананым у тым, што імя па бацьку ўказана правільна.
У нядаўна адшуканай паручнай грамаце па Івану Жыдзівіду[109] ў якасці аднаго з паручыцеляў выступіў нейкі князь Глеб Дзмітрыевіч. Ян Тэнгоўскі датаваў дакумент прыблізна 1393 г. і атаясаміў гэтага князя з сынам Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага Глебам, які прымаў удзел у Кулікоўскай бітве як Глеб Друцкі[110]. Ідэнтыфікацыя князя Глеба Дзмітрыевіча паручнай з сынам Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага цалкам імаверная. Аднак другая частка гіпотэзы не такая відавочная.
У сінодзіку Маскоўскага крамлёўскага Успенскага сабора згаданы князь Глеб Друцкі, які загінуў 15 студзеня 1411 г. у бітве на Лыскове[111] (70 км на паўднёвы ўсход ад Ніжняга Ноўгарада). Тут ніжагародскія князі разбілі ваявод вялікага князя маскоўскага Васіля I. Мяркуючы па ўсім, Глеб Друцкі быў адным з кіраўнікоў маскоўскага войска. Другі сінодзік (Растоўскі саборны) называе імя па бацьку гэтага князя — Васілевіч[112]. Князя Глеба Друцкага трэба прызнаць сынам Васіля Міхайлавіча. Цяжэй адказаць на пытанне: хто ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве, ён ці сапраўды сын Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага? Верагоднасць абодвух варыянтаў падаецца прыкладна роўнай. На Куліковым полі маглі быць і сыны Васіля Міхайлавіча, які быў звязаны з Андрэем Полацкім, і дзеці Дзмітрыя Альгердавіча.
Цьмянае паходжанне князя Льва Друцкага. Распаўсюджаная рэдакцыя „Сказання пра Мамаева пабоішча“ паведамляе, што ў Каломне вялікі князь Дзмітрый Іванавіч „передовои … полк уряди князя Льва Дружесково“[113]. Зноў жа, нельга выключыць памылку перапісчыка, які пераблытаў Глеба і Льва Друцкіх. Але магчыма, што Леў Друцкі сапраўды ўдзельнічаў у бітве на Куліковым полі. Князь Леў Друцкі быў унесены ў пералік сведкаў граматы, выдадзенай Вітаўтам у Караляўцу 30 студзеня 1384 г. Прычым ён названы там Вітаўтавым шваграм[114]. Даследчыкамі слушна адзначалася, што слова „швагер“ можа абазначаць не толькі мужа сястры. Яго можна разумець і так, што Леў быў, напрыклад, братам жонкі Вітаўта[115] ці яны мелі за жонак родных сясцёр. У адпаведнасці з апошнім, Ян Тэнгоўскі лічыць[116], што жонкай Глеба Друцкага была сястра Ганны Смаленскай — жонкі Вітаўта. Але магчыма і іншае. Паводле Хронікі Быхаўца[117], Вітаўт другім шлюбам быў жанаты з князёўнай Марыяй Лукомскай (хоць гэта быў, відаць, яго першы шлюб). Тады жонкай Льва Друцкага магла быць таксама лукомская князёўна, а з улікам геаграфічнай блізкасці княстваў гэта цалкам верагодна. Леў Друцкі быў, відаць, сярод тых князёў і баяр, якія выехалі да Вітаўта пасля яго ўцёкаў у Прусію (канец 1382 г.). У „Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх“ чытаем: „бывшу же ему [Вітаўту. — В.В.] в Немцех и у Марине граде у мистра, приехаша к нему мнози князи и бояре литовьскыи“[118]. Гэта адбылося ў 1383 г. Пра далейшы лёс Льва Друцкага нічога невядома. Што ж датычыцца яго месца ў сістэме сваяцкіх стасункаў князёў Друцкіх, дык хутчэй за ўсё ён быў сынам Дзмітрыя Альгердавіча. На карысць гэтага гаворыць і той факт, што ён карыстаўся гербам Пагоня[119]. У сувязі з гэтым можна дапусціць, што шлюб паміж Дзмітрыем Альгердавічам і ўдавой друцкага князя адбыўся напрыканцы 50–х г.[120], бо ў 1380 г. Леў Друцкі, магчыма, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве, прычым камандаваў палком, а ў 1384 г. быў ужо жанаты. У літаратуры[121] выказвалася гіпотэза пра тое, што Глеб і Леў Друцкія — гэта адна і тая асоба. Нашы дадзеныя на гэты конт, на жаль, недастатковыя для надзейных высноў.
Вельмі мала звестак і пра князя Івана Друцкага. Ён названы сярод сведкаў Салінскага трактата, заключанага паміж Вітаўтам і Ордэнам 12 кастрычніка 1398 г.[122] Можна пагадзіцца з Я. Тэнгоўскім, які атаясаміў яго з Іванам Дзмітрыевічам Кіндыром[123], што загінуў у бітве на Ворскле. У пераважнай большасці летапісных зводаў (у тым ліку і ў самых старажытных, поўных і аўтарытэтных[124]) князь Іван Дзмітрыевіч Кіндыр пастаўлены ў спісе забітых князёў на чацвёртае ці нават на трэцяе месца — пасля Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў (ды Міхаіла Яўнутавіча). Пасля яго ідзе пасынак Дзмітрыя Альгердавіча Андрэй Друцкі. Ю. Пузына, які зрабіў спробу рэканструкцыі першапачатковага спіса князёў[125], паставіў Івана Кіндыра на чацвёртае месца. Таму ён, безумоўна, належаў да Гедымінавічаў. Імя па бацьку выразна ўказвае на тое, што ён быў сынам Дзмітрыя Альгердавіча. Іван вядомы таксама па Любецкім сінодзіку, дзе ён названы разам з бацькам, маці Ганнай і братам Міхаілам[126].
У тым самым спісе князёў 1399 г. адзначаны Міхаіл Падбярэзскі і яго брат Аляксандр[127]. Вядомы княскі род Ямантовічаў–Падбярэзскіх, пачынальнік якога Ямант таксама загінуў на Ворскле. Аднак трэба пагадзіцца з Ю. Вольфам[128], паводле якога названыя браты не мелі да Ямантовічаў–Падбярэзскіх аніякага дачынення. Вельмі верагодна, што гэта нашчадкі Яманта атрымалі Падбярэззе пасля іх смерці[129]. Міхаіл і Аляксандр, відаць, паходзілі ад старых друцкіх князёў, к канцу XIV ст. выціснутых у сціплае Падбярэззе. Яно, дарэчы, размешчана на паўночны захад ад Друцка — там, дзе раздаваў землі князь Васіль Міхайлавіч Друцкі. Цалкам можа быць, што Міхаіл і Аляксандр былі яго сынамі.
26 студзеня 1401 г. у Бірштанах князь Сямён Дзмітрыевіч Друцкі прынёс прысягу ў тым, што ў выпадку смерці вялікага князя Вітаўта не будзе шукаць сабе іншага сюзерэна, апрача караля Ўладыслава II Ягайлы і Кароны Польскай[130]. Князь Сямён Друцкі набыў вядомасць яшчэ і тым, што ў 1422 г. выдаў замуж за Ягайлу пляменніцу, дачку сваёй сястры Аляксандры і князя Андрэя Іванавіча Гальшанскага[131]. Гэта была славутая Соф’я Гальшанская. Трэба падтрымаць выснову Яна Тэнгоўскага, згодна з якой князь Сямён Друцкі быў сынам Дзмітрыя Альгердавіча[132]. (Аднак не ад Ганны, як лічыць згаданы даследчык[133], а ад іншай жонкі. Іначай чым растлумачыць той факт, што Сямён не быў унесены ў Любецкі сінодзік разам з Міхаілам і Іванам, сынамі Дзмітрыя Альгердавіча і Ганны?)
На карысць паходжання Сямёна Друцкага ад Дзмітрыя Альгердавіча старэйшага можна прывесці наступныя факты. Ян Длугаш паведамляе[134], што Ягайла знаходзіўся ў трэцяй і чацвёртай ступенях сваяцтва са сваёй чацвёртай жонкай Соф’яй. Калі ўзяць пад увагу, што Соф’я была дачкой сястры Сямёна Дзмітрыевіча і прыняць, што яе маці была дачкой Дзмітрыя Альгердавіча, сапраўды атрымліваецца, што Соф’ю Гальшанскую лучыла з Ягайлам трэцяя ступень сваяцтва[135]. Чацвёртая датычылася, праўдападобна, рода Гальшанскіх. Другі, дадатковы аргумент звязаны з геральдыкай. Ю. Пузына звярнуў увагу на падабенства знакаў, якімі карысталіся князі Друцкія, да знакаў Альгерда і Гедымінавічаў[136]. Ён таксама трапна заўважыў, што напрыканцы XIV— на пачатку XV ст. Друцкія рэгулярна займалі вельмі высокія, у ліку першых, месцы сярод сведкаў міжнародных дагавораў. Між іншым ён адзначыў, што спаміж князёў–сведкаў Салінскага трактата няма аніводнага князя нелітоўскага паходжання[137]. Варта нагадаць, што ў пералік быў упісаны Іван Друцкі.
Такім чынам, можна ўпэўнена сцвярджаць, што галіна Друцкіх, якую Ю. Вольф вызначыў як малодшую[138], вядзе сваё паходжанне ад Дзмітрыя Альгердавіча праз яго сына Сямёна. Старэйшая ж галіна не была звязана з Альгердавічамі. Ю. Вольф на падставе расійскіх радаводаў выводзіў яе ад Васіля Міхайлавіча[139]. Мяркуючы па ўсім, яна вядзе свой пачатак ад старога друцкага княскага рода. Яго прадстаўнік Даніла жыў недзе на пачатку XIV ст. ці нават раней, і на сёння гэта першы вядомы нам гістарычны друцкі князь эпохі Вялікага Княства Літоўскага. На карысць мясцовага паходжання старэйшай лініі Друцкіх гаворыць, між іншым, і тое, што калі прадстаўнікі малодшай галіны займалі высокія месцы сярод князёў Вялікага Княства Літоўскага, дык Друцкія старэйшай галіны не мелі такога прызнання. Іх дзейнасць, відаць, абмяжоўвалася сваім вузкім рэгіёнам і мясцовымі інтарэсамі, і яны толькі зрэдку з’яўляюцца ў крыніцах. У найвышэйшыя сферы тытулаванай знаці і палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага яны не мелі доступу. Паказальна, што князі менавіта з гэтай галіны выехалі ў 1508 г. у Маскву.
[1] Друцк старажытны: Да 1000–годдзя ўзнікнення горада. Мінск, 2000; Друцк летапісны. Друцкае евангелле. Мінск, 2001.
[2] Древнему Друцку 1000 лет: Материалы к научно–практической конференции. Витебск, 2001.
[3] Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 32. Москва, 1975. С. 130; Т. 35. Москва, 1980. С. 129, 146, 194.
[4] Тамсама. Т. 32. С. 24—25, 132; Т. 35. С. 92, 131, 148, 176, 196, 217.
[5] Тамсама. Т. 32. С. 25, 132; Т. 35. С. 92, 131, 148, 176, 196, 217.
[6] Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV — XVI ст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 84, 85; Яго ж. Друцкае княства і князі Друцкія // Друцк старажытны: Да 1000–годдзя ўзнікнення горада. С. 49.
[7] Ochmański J. Nad Kronik№ Bychowca // Studia Żródłoznawcze. T. XII. 1967. S. 159; Гл. таксама: Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969. С. 156—158.
[8] Boniecki A. Poczet rodów w Wielkiem Księstwie Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887. S. 56; Wolff J. Kniaziowie litewsko–ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 58; Kuźmińska M. Olbracht Marcinowicz Gasztołd // Ateneum Wileńskie. 1928. Zesz. 14. S. 126, 174.
[9] Пластыка Беларусі XII—XVIII ст.: Альбом. Мінск, 1983. Іл. 153, 154.
[10] Sokołowski M. Dwa gotycyzmy wileсski i krakowski w architekturze i zіotnictwie i źródła ich znamion charakterystycznych // Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce. T.VIII. Kraków, 1912. S. 12.
[11] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Królewiec, 1582. S. 283—284.
[12] Ibid. S. 283.
[13] Ibid. S. 639, 676.
[14] Ibid. S. 639.
[15] Гл.: Хроника Быховца. С. 149, 150.
[16] Wolff J. Kniaziowie litewsko–ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 96, 115.
[17] Гл.: Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. С. 165.
[18] Niesiecki K. Herbarz Polski. T. 3. Lipsk, 1839. S. 409.
[19] Гл.: Kojałowicz W. Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego tak zwany Compendium. Kraków, 1897. S. 45.
[20] Stryjkowski M. Op. cit. S. 639.
[21] Hiesiecki K. Op. cit. S. 409.
[22] Ibid.
[23] Ibid. T. 7. Lipsk, 1841. S. 177.
[24] Власьев Г.А. Князья Острожские и Друцкие // Известия Русского генеалогического общества. Вып. 4. С.–Петербург, 1911. С. 1.
[25] Александров Д.Н., Володихин Д.М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках. Москва, 1994. С. 25. Радавода Друцкіх, які Д. Аляксандраў прыпісвае хроніцы М.Стрыйкоўскага, у ёй увогуле няма.
[26] Долгоруков П.В. Российская родословная книга. Ч. 1. С.–Петербург, 1854. С. 130—131.
[27] Тамсама. С. 132, 133.
[28] Петров П.Н. История родов русского дворянства. Т. 1. С.–Петербург, 1886. С. 45—50.
[29] Древний помянник Киево–Печерской лавры (конца XV и начала XVI столетия) // Чтения в Историческом обществе Нестора летописца (далей — ЧИОНЛ). 1892. Кн. 6. Приложение. С. IX.
[30] Тамсама. С. 31—32.
[31] Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795. Kraków, 1885. S. 19.
[32] Древний помянник Киево–Печерской лавры (конца XV и начала XVI столетия). С. 31.
[33] Де Витте Е.И. Комментарии к древнейшим помянникам Киево–Печерской лавры и Киево–Златоверхо–Михайловского монастыря // ЧИОНЛ. 1914. Кн. 24. Вып. 1. Приложение. С. 83.
[34] Wolff J. Kniaziowie… S. 56—61; Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх… С. 90—96; Яго ж. Друцкае княства… С. 52—56.
[35] Де Витте Е.И. Комментарии…// ЧОИНЛ. 1913. Кн. 23. Вып. 2. Приложение. С. 79.
[36] ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. С. 881.
[37] Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх… С. 85.
[38] Александров Д.Н., Володихин Д.М. Борьба… С. 25—28.
[39] Приселков М.Д., Фасмер М.Р. Отрывки В.Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV века // Известия Отделения русского языка и словесности императорской Академии Наук. 1916. Т. 21. Кн. 1. С. 58.
[40] Воскресенская летопись // ПСРЛ. Т. 7. С.–Петербург, 1856. С. 206; Патриаршая или Никоновская летопись // Тамсама. Т. 10. С.–Петербург, 1885. С. 211; Летопись Авраамки // Тамсама. Т. 16. С.–Петербург, 1889. С. 73.
[41] Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV—XVI вв. (далей — ДДГ). Москва — Ленинград, 1950. № 3. С. 14.
[42] Paszkiewicz H. O genezie i wartości Krewa. Warszawa, 1938. S. 313; Насевіч В. Род князёў Друцкіх… С. 85.
[43] Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. Вып. 1. Москва, 1977. № 6. С. 44.
[44] Тамсама. Вып. 3. Москва, 1980. С. 149.
[45] З пяці населеных пунктаў, згаданых у запісе, удалося ідэнтыфікаваць чатыры. Цяпер гэта: Мураўнічы — вёска Маціёўскага сельсавета Талачынскага р–на Віцебскай вобл. (15 км на паўночны захад ад Друцка); Відзенічы — вёска Алёнавіцкага сельсавета таго ж раёна (25 км на поўнач ад Друцка); Якімаўка („лукъно Якимово“) — вёска Халопеніцкага пасялковага савета Крупскага р–на Мінскай вобл. (45 км на паўночны захад ад Друцка); Худава — вёска Кастрычніцкага сельсавета таго ж раёна (55 км на паўночны захад ад Друцка). „Поротвина земля“ гіпатэтычна атаясамліваецца з урочышчам Ператоўшчына за 20 км на захад ад Друцка. У перадапошнім выпадку цікава адзначыць, між іншым, ранняе замацаванне на пісьме акання („на Худаве“).
[46] Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1999. С. 297—298.
[47] Wolff J. Ród Gedimina. Kraków, 1886. S. 20—21; Ejusdem. Kniaziowie… S. 366.
[48] Puzyna J. Potomstwo Narymunta Gedyminowicza // Miesięcznik Heraldyczny (MH). 1931 (Rocznik X). Nr 7—8. S. 135.
[49] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. Т. 11. Вильна, 1880. № 18. С. 42. Тое самае: Сапунов А.П., Друцкий–Любецкий В. Материалы по истории и географии Дисенского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск, 1896. Приложения. № 19. С. 35.
[50] Codex epistolaris Vitoldi (CEV). Cracoviae, 1882. Nr 30. P. 10—11.
[51] Stryjkowski M. Op. cit. S. 475.
[52] CEV. Nr 35. P. 13.
[53] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. С.–Петербург, 1863. № 2. С. 2.
[54] Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском. Вильна, 1867. С. 232.
[55] Wolff J. Ród Gedimina. S. 21; Ejusdem. Kniaziowie… S. 366.
[56] Puzyna J. Potomstwo… S. 136.
[57] Długosz J. Roczniki czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego. Ks. 10. Warszawa, 1981. S. 244—245.
[58] Stryjkowski M. Op. cit. S. 488.
[59] Długosz J. Roczniki… Ks. 10. S. 245.
[60] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań—Wrocław, 1999. S. 26.
[61] Ibid. S. 25.
[62] Die Chronik Wigands von Marburg // Scriptores Rerum Prussicarum (SRP). T. 2. Leipzig, 1863. P. 518.
[63] Голубовский П.В. История Смоленской земли до начала XV ст. Киев, 1895. С. 317 (прим. 3).
[64] Dlugossius I. Historiae Polonicae libri XII // Opera omnia. T. XII. Cracoviae, 1876. P. 247.
[65] Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. T. 1: Litwa a Moskwa w XIII i XIV wieku. Warszawa, 1933. S. 386 (przyp. 3).
[66] Die Chronik Wigands von Marburg. P. 519.
[67] Ластовский Г.А. Политическое развитие Смоленской земли в конце XIII— начале XVI веков. Минск — Смоленск, 2001. С. 44.
[68] Wolff J. Ród Gedimina. S. 20; Ejusdem. Kniaziowie… S. 366.
[69] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 25; Nikodem J. Narymunt Giedyminowicz i jego uposazenie // Scriptura custos memoriae. Prace historyczne. Poznań, 2001. S. 622.
[70] Рогожский летописец // ПСРЛ. Т. 15. Вып. 1. Петроград, 1922. Ст. 60—61; Симеоновская летопись // Тамсама. Т. 18. С.–Петербург, 1913. С. 97—98.
[71] Тамсама.
[72] Wolff J. Kniaziowie… S. 160.
[73] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 215—216.
[74] Ibid. S. 39.
[75] Vide: Nikodem J. Op. cit.
[76] Рогов А.И., Покровский Н.Н. Собрание рукописей академика М.Н. Тихомирова, переданное Сибирскому отделению АН СССР // Археографический ежегодник за 1965 год. Москва, 1966. С. 162; Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. Москва, 1968. С. 9.
[77] Тихомиров М.Н. Послание белорусского Пимена // Неделя. 1965. № 36. С. 9.
[78] Запіс некалькі разоў друкаваўся. Гл., напр.: Рогов А.И., Покровский Н.Н. Собрание… С. 162; Тихомиров М.Н. Описание … С. 9, 11; Друцк старажытны: Да 1000–годдзя ўзнікнення горада. С. 120; Друцк летапісны. Друцкае евангелле. С. 270, 271. Тым не менш паўнавартаснай навуковай публікацыі помніка няма і да сённяшняга дня.
[79] Гэтае пытанне — праўда, без канчатковага вырашэння — ужо ставілася ў літаратуры. Гл.: Аляксееў Л.В. Старажытны Друцк // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. № 3. С. 19.
[80] Аўтар, на жаль, не меў магчымасці азнаёміцца з арыгіналам рукапісу, які зберагаецца ў Навасібірску. Таму яго назіранні грунтуюцца на апублікаваных фотаздымках, а таксама мікрафільмаванай копіі Друцкага евангелля, якая захоўваецца ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі пад сігнатурай Фр 27.
[81] Сперанский М.Н. Русские подделки рукописей в начале XIX века (Бардин и Сулакадзев)// Проблемы источниковедения. Т. 5. Москва, 1956. С. 64, 66, 67, 69, 70—71; Яго ж. К истории русских рукописных подделок // Доклады Академии Наук СССР. 1928. Серия В. С. 183.
[82] Сперанский М.Н. К истории… С. 181.
[83] Сперанский М.Н. Русские подделки… С. 63; Яго ж. К истории… С. 183. Прим. 1.
[84] Тихомиров М.Н. Описание… С. 16.
[85] Гл.: Огієнко Ів. Молитовник кн. Володимира Великого з 999 р.// Стара Україна. 1925. № 5. С. 83, 84, 85.
[86] Гл.: Тамсама.
[87] Заяц Ю.А. Друть и Друцк // Древнему Друцку 1000 лет: Материалы к научно–практической конференции. С. 20.
[88] Гл., напр.: Новгородская Четвертая летопись // ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. Вып. 1. Петроград, 1915. С. 297; Воскресенская летопись // Тамсама. Т. 8. С.–Петербург, 1859. С. 19; Патриаршая или Никоновская летопись // Тамсама. Т. 11. Москва, 1965. С. 17; Типографская летопись // Тамсама. Т. 24. Петроград, 1921. С. 128.
[89] Ермолинская летопись // ПСРЛ. Т. 23. С.–Петербург, 1910. С. 117; Летописный свод 1518 г. (Уваровская летопись) // Тамсама. Т. 28. Москва — Ленинград, 1963. С. 238.
[90] Указатель к первым осьми томам Полного собрания русских летописей. Отдел первый. С.–Петербург, 1898. С. 299.
[91] Puzyna J. O pochodzeniu kniazia Fedka Nieświzkiego // MH. 1911 (Rok IV). Nr 5—6. S. 79; Kuczyński S.M. Ziemie Czernihowsko–Siewierskie pod rządami Litwy. Warszawa, 1936. S. 152 (przyp. 327), 153; Paszkiewicz H. O genezie i wartości Krewa. S. 314; Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 74.
[92] ДДГ. № 6. С. 22. Некаторыя гісторыкі, якія вывучалі і публікавалі грамату, адносілі яе да 1371 г. Такога датавання прытрымліваўся і аўтар выкарыстанага выдання Л.У. Чарапнін. Абгрунтаваную крытыку яго пункта гледжання гл.: Кучкин В.А. Русские княжества и земли перед Куликовской битвой // Куликовская битва: Сборник статей. Москва, 1980. С. 90—91.
[93] Софийская Первая летопись // ПСРЛ. Т. 5. С.–Петербург, 1851. С. 251; Воскресенская летопись // Тамсама. Т. 8. С.–Петербург, 1859. С. 73; Тверской сборник // Тамсама. Т. 15. Москва, 1965. С. 458.
[94] Новгородская Четвертая летопись // ПСРЛ. Т. 4. С.–Петербург, 1848. С. 142.
[95] Puzyna J. Pierwsze wystąpienia Korjatowiczów na Rusi Południowej // Ateneum Wileńskie (AW). 1938 (R. XIII). Zesz. 2. S. 18; Kuczyński S.M. Op. cit. S. 152 (przyp. 327).
[96] Псковские летописи. Вып. 1. Москва — Ленинград, 1941. С. 18—19; Тамсама. Вып. 2. Москва, 1955. С. 24—25, 95—96.
[97] Stryjkowski M. Op. cit. S. 476.
[98] Хмыров М.Д. Алфавитно–справочный перечень удельных князей русских и членов царствующего дома Романовых. Половина первая. С.–Петербург, 1871. № 287. С. 21.
[99] Wolff J. Ród Gedimina. S. 90—92, 152—153.
[100] Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków. T. 1. Lwów, 1887. Nr 17. S. 16.
[101] H. de Wartberge. Chronicon Livoniae // SRP. T. 2. P. 105.
[102] Симеоновская летопись // ПСРЛ. Т. 18. С.–Петербург, 1913. С. 129; Патриаршая или Никоновская летопись // Тамсама. Т. 11. Москва, 1965. С. 45.
[103] На тое, што Дзмітрый старэйшы быў „найбліжэйшы“ да Андрэя Полацкага, ужо звярталася ўвага ў літаратуры: Kuczyński S.M. Op. cit. S. 200.
[104] ПСРЛ. Т. 32. С. 147; Там жа. Т. 35. С. 71, 89, 101, 137, 159, 185, 206, 228.
[105] Puzyna J. Korjat i Korjatowicze // AW. 1930 (R. VII). Zesz. 3—4. S. 437.
[106] Повести о Куликовской битве. Москва, 1959. С. 56, 180.
[107] Тамcама. С. 90.
[108] Тамсама. С. 457.
[109] Tęgowski J. Kniaź Iwan Żedewid (Przyczynek do genealogii rodu Giedymina) // Studia historycyne z XIII—XV wieku. Olsztyn, 1995. S. 133.
[110] Ibid. S. 134; Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 78.
[111] Древняя российская вивлиофика. Ч. VI. Изд. 2–е. Москва, 1788. С. 452.
[112] Кузьмин А.В. Родословная князя Дмитрия Михайловича Боброка–Волынского // Дмитрий Донской и эпоха возрождения Руси. События, памятники, традиции: Труды Юбилейной научной конференции. Тула, 2001. С. 130. Выказваю шчырую падзяку А. Кузьміну за кансультацыі.
[113] Повести о Куликовской битве. С. 135.
[114] CEV. Nr 13. P. 4.
[115] Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх… С. 90—91.
[116] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 78.
[117] ПСРЛ. Т. 32. С. 150.
[118] Тамсама. Т. 35. С. 63, 69, 87, 99, 113, 135, 157, 183, 204, 226.
[119] CEV. Nr 101. P. 32; Gumowski M. Pieczęcie Ksążąt Litewskich // AW. 1930 (R. VII). Zesz. 3—4. S. 704.
[120] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 77.
[121] Ibid. S. 75, 78.
[122] Skarbiec diplomatów / Zebr. I. Danłіowicz. T. 1. Wilno, 1860. Nr 695. S. 315.
[123] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 79.
[124] Новгородская Четвертая летопись // ПСРЛ. Т. 4. С.–Петербург, 1848. С. 104; Софийская Первая летопись // Тамсама. Т. 5. С.–Петербург, 1851. С. 251; Воскресенская летопись. С. 73; Тверская летопись // ПСРЛ. Т. 15. Москва, 1965. С. 458.
[125] Puzyna J. Korjat i Korjatowicze. S. 431 (przyp. 29).
[126] Зотов Р.В. О черниговских князьях по Любецкому синодику и черниговском княжестве в татарское время // Летопись занятий Археографической комиссии. 1882—1884 г. Вып. 9. С.–Петербург, 1893. С. 28.
[127] Новгородская Четвертая летопись. С. 142; Софийская Первая летопись. С. 251; Воскресенская летопись. С. 73.
[128] Wolff J. Kniaziowie… S. 57.
[129] Насевіч В.Л. Друцкае княства… С. 58.
[130] Сборник Муханова. Изд. 2–е, дополненное. С.–Петербург, 1866. № 350. С. 622; тое самае: Akta unji Polski z Litwą / Wyd. St. Kutrzeba, Wі. Semkowicz. Kraków, 1932. Nr 40. S. 42 .
[131] Хроника Быховца. С. 149.
[132] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 76, 79—80.
[133] Ibid. S. 75.
[134] Dіugosz J. Roczniki… Ks. 11. Warszawa, 1985. S. 165.
[135] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 76.
[136] Puzyna J. O pochodzeniu kniazia Fedka Nieświzkiego. S. 77—80. Гл. таксама: Gumowski M. Op. cit. 709—710, tabl. IV, nr 31—32.
[137] Ibid. S. 80.
[138] Wolff J. Kniaziowie. S. 56.
[139] Ibid.